Калумбія: забіты лідар ФАРК


За інфармацыю, якая дапамагла б знайсці Альфонса Кана, калумбійскія ўлады прапаноўвалі ўзнагароду $ 4 млн.

Пра смерць лідара групоўкі Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (ФАРК) паведаміла Міністэрства абароны. Паводле кіраўніка ведамства Хуана Карласа Пінсона, Кана быў забіты падчас баявой аперацыі ў гарах на паўднёвым захадзе краіны. Пра яе вядома няшмат. Паводле некаторых звестак, лідар ФАРК загінуў у выніку авіяналёту на базу ў джунглях.

Паведамляецца таксама, што вызначыць месцазнаходжанне 63-гадовага верхавода калумбійскіх марксістаў атрымалася ў выніку перахопу званкоў па мабільным тэлефоне.

ФАРК прызнаны тэрарыстычнаю арганізацыяй у Злучаных Штатах і Еўропе. Сродкі баевікі атрымліваюць праз кантрабанду наркотыкаў, а джунглі застаюцца для іх ідэальнаю схованкаю.

За апошнія гады ў выніку аперацыяў сілаў бяспекі Калумбіі было забіта або арыштавана нямала палявых камандзіраў ФАРК. Паводле калумбійскіх уладаў, сёлета ў ліпені быў нанесены ўдар па лагеры, дзе месціўся Кана, аднак яму ўдалося збегчы.

Дзесяць гадоў таму ўрад Калумбіі распачаў ваенную кампанію супраць ФАРК, у выніку чаго групоўка моцна аслабела. У сакавіку 2008 г. адзін з вядучых камандзіраў быў забіты падчас авіяўдару па базе баевікоў. У тым жа месяцы памёр ад інфаркту Мануэль Марулянда. Пасля яго арганізацыю ачоліў Альфонса Кана, былы выкладчык у Багаце.

Ваенная кампанія супраць ФАРК стала магчымаю дзякуючы шматмільярднай фінансавай дапамозе ЗША, якія таксама забяспечылі падрыхтоўку спецназу і дзяліліся інфармацыяй выведкі.

Пра магчымы “беларускі след” у дзейнасці ФАРК глядзіце ў матэрыяле Марціна Ярскага (“Аб’ектыў”).

belsat.eu

Стужка навінаў