Аляксандр Мілінкевіч: Зацісканне шрубаў прывядзе да выбуху


Прэзідэнт Беларусі загадаў кіраўнікам сілавых структураў не дапусціць дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.

“Міністэрству ўнутраных справаў – спыняць дзейнасць экстрэмісцкіх асобаў. Міністр унутраных справаў мусіць забыцца: прыстойна, не прыстойна, як пра нас падумаюць. Неабходна жорстка рэагаваць на любыя дзеянні. Галоўнае – забяспечыць парадак у краіне, дзеючы строга ў адпаведнасці з законам і логікаю развіцця нашага грамадства”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі камандна-штабнога вучэння ў тэрытарыяльнай абароне на Гожскім палігоне пад Горадняю.

Кіраўніку КДБ прэзідэнт таксама загадаў дзеяць канкрэтна: “КДБ у нас зашмат аналізуе, ведае, дакладае. Я чакаю канкрэтных дзеянняў”. Лукашэнка таксама параіў сілавікам не разнявольвацца, бо “наперадзе могуць быць няпростыя часы”.

Лукашэнка імкліва траціць давер насельніцтва, гэтым і выкліканая ягоная істэрыя з узбраеннем краіны і пошукамі ворагаў, мяркуе кіраўнік руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. “Ён адчувае сабе вельмі няўпэўнена. Рэсурсаў, найперш фінансавых, каб аднавіць былы рэйтынг, у яго няма. А ў страху, як вядома, вялікія вочы”, – зазначае Аляксандр Мілінкевіч.

Палітык мяркуе, што ў гэткай сітуацыі прэзідэнту неабходна было паводзіцца інакш: “Напружанасць у эканоміцы і грамадстве мог бы зняць дыялог з грамадствам, з апазіцыяй – прыклады постсавецкіх краінаў гэтаму яскравы доказ”. Зацісканне шрубаў можа выклікаць адваротны эфект і прывесці да сацыяльнага выбуху, папярэджвае Аляксандр Мілінкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў