Бразільская федэральная паліцыя ў сераду, 2 лістапада, апублікавала відэаролік, у якім афіцэры гналіся на аўтамабілі за самалётам з кантрабандыстамі і спрабавалі перашкодзіць яму ўзняцца ў паветра.
Паліцыянт выстраліў з машыны ў левае крыло летака, у выніку чаго самалёт упаў на бок. Аднак стральба не змаўкала да затрымання кантрабандыстаў. У выніку арыштавалі пяцёх падазраваных, у тым ліку пілота. Інцыдэнт адбыўся 1 лістапада ў Рыбэйран Прэту, штат Сан-Паўлу.
115 тыс. даляраў і ноўтбукі, друкаркі ды камеры сачэння, якія канфіскавала паліцыя, выставілі на ўсеагульны агляд у аддзяленні паліцыі ў Рыбэйран Прэту.
Начальнік паліцыі Эдсон дэ Соза, адказны за аперацыю, сказаў, што паліцыя сачыла за кантрабандыстамі больш за месяц. «Гэтая банда вырабляе наркотыкі і займаецца кантрабандаю. Гэтым разам мы атрымалі інфармацыю, што самалёт прызямліцца ў раёне Пунтал з вялікаю колькасцю кантрабандных тавараў», – распавёў ён.
У чэрвені Парагвай і Бразілія падпісалі двухбаковае пагадненне аб барацьбе з кантрабандаю наркотыкаў ды іншых забароненых тавараў.
belsat.eu