Лукашэнка: Захад імкнецца расхістаць сітуацыю ў Беларусі


Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў пры наведванні палігону каля Горадні, падводзячы вынікі камандна-штабных вучэнняў.

“Мэту Захаду відаць простым вокам: ім трэба расхістаць сітуацыю ў Беларусі ды адрэзаць яе ад актыўнага ўдзелу ў міжнародных грамадска-палітычных працэсах. А затым улучыць у сферу свайго ўплыву”, – перасцерагае Лукашэнка.

Ён адзначыў, што “Захадам ужо ўведзеныя розныя санкцыі адносна беларускіх прадпрыемстваў”, якія “перашкаджаюць пад палітычнаю маркаю раўнапраўнай эканамічнай супрацы”. “Шырока распаўсюджаныя і іншыя формы эканамічнага ўціску, якія шкодзяць нашым нацыянальным інтарэсам у эканамічнай сферы”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Сур’ёзным выклікам для нацыянальнай бяспекі, на думку кіраўніка дзяржавы, ёсць інфармацыйнае і палітычнае ўмяшанне звонку. “Сёння яно набыло рысы адкрытай інфармацыйнай вайны, – мяркуе Лукашэнка. – Дзеля гэтага ўжываюцца такія рэсурсы, як інтэрнэт, радыёстанцыі ды адмыслова арганізаваныя тэлеканалы, газеты і часопісы, на якія выдаткоўваюцца велізарныя сродкі. Пры гэтым на нас няспынна ціснуць, папракаюць недахопам свабоды слова і плюралізму”.

“Мы бачым, якімі высокімі тэмпамі ідзе пашырэнне НАТО ў еўрапейскім рэгіёне, як актыўна нарошчваецца вайсковая інфраструктура заходніх і паўночных суседзяў паблізу нашых межаў, – працягнуў Лукашэнка. – Трывожным фактарам становіцца тое, што апошнім часам у некаторых суседніх краінах рэгулярна праводзяцца інструктажы і адмысловыя нарады з удзелам высокіх чыноўнікаў Дзярждэпартаменту і сенатараў ЗША, міністраў і палітыкаў еўрапейскіх краінаў з вельмі правакацыйным парадкам дня: як учыніць рэвалюцыю ў Беларусі, як змяніць канстытуцыйны лад і падобнымі адкрыта варожымі тэмамі”. “Недаацэньваць такіх з’яваў нельга”, – перакананы кіраўнік дзяржавы.

Паводле ягоных словаў, найбольш развітыя краіны Захаду імкнуцца да поўнага кантролю над прыроднымі рэсурсамі ўсёй планеты. “Апошнія дзесяцігоддзі мы стала назіраем імкненне найбольш развітых краінаў Захаду да поўнага кантролю над прыроднымі рэсурсамі ўсёй планеты. Такая палітыка вылілася фактычна ў кампанію каланізацыі менш развітых дзяржаваў і цэлых рэгіёнаў. Дзеля гэтага ўжываюцца як няўзброеныя формы барацьбы, так нярэдка і вайсковая сіла”, – сказаў Лукашэнка.

І колькі б ні гаварылася з высокіх трыбунаў аб усеагульным міры і бяспецы, на практыцы яны застаюцца толькі дэкларацыямі, перакананы Лукашэнка. “У розных кутках планеты не сціхаюць крывавыя канфлікты. Пад заклікі аб дэмакратыі гінуць тысячы людзей. Учыняюцца неймаверныя ў сваёй жорсткасці тэракты”, – заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго, сучасныя войны формамі ды сродкамі вядзення прынцыпова адрозніваюцца ад ранейшых. “Асноўныя баталіі разгортваюцца на міжнародных форумах, а рашэнне аб нападзе на чарговую краіну прымаецца ў кулуарах вузкім колам зацікаўленых асобаў. Абавязковымі элементамі робяцца інфармацыйныя атакі, дэстабілізацыя сітуацыі, раздзіманне пратэставых настрояў сярод насельніцтва. Затым на пэўным этапе далучаюцца сілы адмысловых аперацыяў. Яны пад прыкрыццём “народных” хваляванняў сумесна з пятаю ўнутранаю калонаю завяршаюць разгром той ці іншай краіны. Пра гэта сведчаць арабскія рэвалюцыі, знішчэнне Лівіі як суверэннай дзяржавы”, – адзначыў Лукашэнка

Аперацыю НАТО ў Лівіі ён назваў актам вандалізму XXI стагоддзя.

belsat.eu

Стужка навінаў