Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай службе ў Беларусі».
Яны забараняюць дзяржаўным службоўцам карыстацца льготамі і перавагамі, якія даюць замежныя дзяржавы паводле палітычных, рэлігійных поглядаў або нацыянальнай прыналежнасці. А таксама атрымліваць дакументы, што пацвярджаюць гэтыя льготы. Чыноўнікі, якія ўжо маюць гэткія дакументы, павінны іх здаць, інакш будуць вызваленыя ад пасады, прапісана ў законе.
«Дакумент накіраваны на пазбаўленне ад канфлікту інтарэсаў пры знаходжанні на дзяржаўнай службе», – патлумачыла новаўвядзенні намесніца міністра юстыцыі Ала Бадак. Паводле яе, дакумент падрыхтаваны згодна з рашэннем Канстытуцыйнага суда наконт карты паляка.
«На заканадаўчым узроўні замацавана тое, што раней актыўна практыкавалася ў Беларусі. Літаральна з моманту з’яўлення карты паляка чыноўнікі атрымлівалі папярэджанні, што будуць звольненыя, калі атрымаюць гэты «варожы» дакумент», – пракаментаваў «Белсату» навіну актывіст незарэгістраванага Саюзу палякаў, журналіст Андрэй Пачобут.
Паводле яго, новы механізм нават болей ліберальны – раней тых, хто асмельваўся атрымаць апальную карту (а гэта былі, як правіла, службоўцы ніжняга звяна), прымушалі вяртаць яе проста ў консульства. Калі ж карта здаецца ў дзяржаўны орган, гэта не значыць, што яна перастае дзеяць, зазначае журналіст.
Аднак цяперашняя эканамічная сітуацыя вымушае некаторых рызыкаваць. Паводле Андрэя Пачобута, у Горадні проста вал ахвотных атрымаць карту паляка, каб без перашкодаў уладкавацца на працу ў Польшчы і перажыць цяжкія часы. «Зразумела, што дзяржаве гэта не падабаецца. Улада даўно ставіцца да сваіх грамадзянаў, у тым ліку і нацыянальных меншасцяў, як феадал да сваіх халопаў. Увогуле, рэакцыя забараняць усё, што толькі магчыма, характэрная для нашага рэжыму», – гаворыць Андрэй Пачобут.
belsat.eu