У пражскім метро можна рабіць пакупкі праз смартфон


Пасажыры пражскага метро, якія маюць смартфон, цяпер не сумуюць у чаканні свайго цягніка.

Інтэрнэт-крама Mall.cz адкрыла на платформе віртуальную аптэку. Калі некаму патрэбныя памперсы, лёзы або пральны парашок, ён можа сфатаграфаваць штрых-код прадукту смартфонам, дадаць свой адрас – і на наступны дзень чакаць прыбыцця тавару.

“Займацца шопінгам пры дапамозе штрых-кодаў вельмі проста. Усё, што вам трэба, – гэта смартфон. Дзякуючы функцыі, якая счытвае штрых-код, вашыя тавары трапляюць у віртуальны кошык, і пасля дадавання інфармацыі пра дэталі дастаўкі тавар прывязуць вам на наступны дзень”, – патлумачыў дырэктар інтэрнэт-крамы Пэтр Крал.

Калі пакупнікі станоўча адрэагуюць на новаўвядзенне, крама плануе паставіць віртуальныя вітрыны на трамвайных і аўтобусных прыпынках.

“Мне вельмі падабаецца. Гэта выдатная ідэя: у чаканні цягніка вы можаце рабіць пакупкі. Я, праўда, не пэўны, ці выберу нешта з гэтых тавараў: бачу тут нейкія жаночыя прылады для галення, так што не ведаю. Але гэта добра – і гэта трэба працягваць” – кажа пасажыр пражскага метро Якуб Франц.

“Такі від шопінгу – надзвычай інавацыйны і выкарыстоўвае найноўшыя тэхналогіі. Ідэя паходзіць з дзвюх краінаў: Паўднёвай Карэі ды Вялікай Брытаніі. Гэта першыя дзве краіны ў свеце, і Чэхія стала трэцяю, што прапаноўвае займацца шопінгам пры дапамозе штрых-кодаў. Калі мы возьмем лічбы першага дня – продажы выраслі амаль на 30 %. Кампанія працягнецца да канца года. Тады, як мы разлічваем, рост продажаў складзе 40 %”, – мяркую Юрай Кралік, менеджар у вонкавых сувязях кампаніі “Procter & Gamble”.

Спадар Кралік ужо задумляецца пра тое, каб далучыць да віртуальнага шопінгу гарады і вёскі вакол сталіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў