КДБ вярнуў Лябедзьку пашпарт і нацельны крыжык, вершы пакінуў сабе


3 лістапада Анатоля Лябедзьку запрасілі ў КДБ для атрымання дакументаў і рэчаў, канфіскаваных пры арышце.

«Ёсць малы спадзеў, што сёння скончыцца мая сямімесячная эпапея з пашпартам. Я атрымаў першы афіцыйны адказ з КДБ за подпісам намесніка начальніка з паведамленнем, што я магу атрымаць рэчы, у тым ліку і пашпарт, якія былі ў мяне канфіскаваныя. Час пакажа. Праз некалькі хвілінаў будзем ведаць, ці атрымаю я пашпарт і рэчы», – заявіў Лябедзька перад візітам у КДБ.

Ён паведаміў, што рэчы канфіскавалі, калі ён утрымліваўся ў СІЗА КДБ. «Да мяне завіталі без майго ўдзелу, шмат чаго забралі… Гэта і носьбіты інфармацыі – на дысках і ў друкаваным выглядзе, налепкі, грошы. Акрамя гэтага, у КДБ застаюцца мае асабістыя рэчы, сшыткі з вершамі, нацельны крыжык. Ёсць што забіраць», – адзначыў палітык.

Беларускія законы дазвалялі старшыні АГП ездзіць за мяжу са старым пашпартам, дзе былі дзейныя візы. Але ўнутры краіны гэты дакумент выкарыстоўваць нельга. «Я не мог прайсці медыцынскай камісіі, атрымаць карэспандэнцыі», – зазначыў Лябедзька.

«Я атрымаў пашпарт і лічу гэта сваёй малою перамогаю», – заявіў лідар АГП пасля наведвання КДБ. Але, паводле палітыка, пералік таго, што было канфіскавана, не цалкам супадае з тым, што яму аддалі следчыя.

«Не аддалі папку з налепкамі, дыскі, дакументацыю, блакноты, запісныя кнігі – усё гэта засталося ў архівах КДБ, відаць. Перадалі нацельны крыжык, але не аддалі чатыры сшыткі. Як выказаў гіпотэзу следчы, мажліва, яны ліквідаваныя. Гэта, вядома, самавольства. Павінен быць акт», – падкрэсліў Лябедзька.

«Мы працягнем змаганне. Я хачу ўсё ж такі атрымаць поўны пералік. Дзевяць пазіцыяў мне не вярнулі назад, пяць пазіцыяў, уключаючы пашпарт, я атрымаў, а астатнія застаюцца пад пытаннем. Мне параілі: «Пішыце». Але што такое перапіска з гэтаю структураю, я ўжо ведаю, за сем месяцаў я атрымаў толькі адзін ліст», – падсумаваў старшыня АГП.

Сістэмны блок, які аддалі Лебедзьку ў КДБ, ён збіраецца адвезці ў дзіцячы дом, бо «ўсё, што пабывала ў КДБ, трэба або добра вымыць, або падумаць пра пытанні бяспекі».

belsat.eu

Стужка навінаў