Субота 3 кастрычніка стала 56-м днём пратэстаў. Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.
Журналістаў «Белсату» Алеся Любянчука і Дзяніса Ганчарэнку перавезлі з Акрэсціна ў ізалятар у Баранавічах. Раней туды ж перавезлі журналістку Алену Доўнар.
Алеся Любянчука і Дзяніса Ганчарэнку затрымалі ў Менску 24 верасня. На іх склалі пратаколы за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ». Суд пакараў абодвух журналістаў адміністратыўным арыштам на 12 содняў. Таксама Любянчука і Ганчарэнку аштрафавалі на 30 базавых велічыняў кожнага.
Да гэтага часу за кратамі застаюцца 5 журналістаў «Белсату».
Сёння ж у Салігорску міліцыянты затрымалі фотакарэспандэнтку Ірыну Арахоўскую. Сілавікі выдалілі ўсе яе фотаздымкі і запатрабавалі напісаць «тлумачальную». Тэхніку не забіралі, пратакол не складалі.
У Салігорску сёння была сустрэча страйкоўцаў з Юрыем Корзунам. Ён сказаў, што міліцыя дазволіла правесці экскурсію і нікога затрымліваць не будуць. Але літаральна праз тры хвіліны прыехаў АМАП і пачаліся затрыманні, затрымалі і Юрыя Корзуна. Агулам на акцыі ў Салігорску затрымалі каля 20 чалавек. Большасць затрыманых – сябры стачкаму «Беларуськалію».
У Гомлі ў доме галоўнай рэдактаркі выдання «Сильные новости» Ганны Якштас і яе мужа Дзяніса адбыўся ператрус. Сілавікі забралі ўсю тэхніку, Ганну і Дзяніса павезлі ў РАУС. Пазней міліцыянты патлумачылі, што журналістаў затрымалі ў межах адміністрацыйнага працэсу. Ганну Якштас і карэспандэнта выдання Дзяніса Якштаса, затрыманых сёння, пакінулі пад вартай да суду.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ліставанне Марыі Рабковай нават з роднымі цалкам спынена і штучна блакуецца. З 10 лістоў бацькам і сваякам да адрасатаў не трапіў ніводны.
Праваабаронцы заклікаюць усіх, хто будзе пісаць Марфе ў СІЗА, адпраўляць лісты ды паштоўкі «1 класам» або «заказным», каб можна было адсочваць рух карэспандэнцыі.
«ЗША будуць выкарыстоўваць усе магчымыя для нас інструменты, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае намер падарваць дэмакратыю», – напісаў дзяржаўны сакратар ЗША Пампэа ў сваім Twitter.
Пампэа падкрэсліў, што Дзярждэпартамент вітае рашэнне Мінфіна ЗША ўвесці санкцыі супраць шэрагу беларускіх афіцыйных асобаў, адказных за рэпрэсіі і фальсіфікацыю выбараў. Нагадаем, у санкцыйны спіс ЗША ўвайшлі 8 чалавек.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў БелТА, што агучаныя напярэдадні прапановы па скарачэнні дыпперсаналу ў амбасадах Літвы і Польшчы абавязковыя да выканання.
Нагадаем, учора ў МЗС заявілі, што амбасадарам Польшчы і Літвы «прапанавана да 9 кастрычніка 2020 гады прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі». Для Літвы гэта, адпаведна, з 25 да 14 дыпламатаў, а для Польшчы – з 50 да 18.
Між тым міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не мае намеру адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў або скарачаць штат амбасады.
У Менску прайшоў кветкавы марш жанчын. Сённяшняя жаночая акцыя адрозніваецца ад папярэдніх традыцыйных суботніх шэсцяў тым, што яе ўдзельніцы не ходзяць вялікай калонай, а размяркоўваюцца паміж ЦУМам і ГУМам невялікімі групамі.
Збіты на Акрэсціна Дзяніс К. сёння памёр у Больніцы хуткай медычнай дапамогі. Мужчына паступіў 29 верасня з мноствам траўмаў. Пра смерць мужчыны «Белсату» распавялі ягоныя родныя.
«Звычайна Дзяніс на некалькі дзён выязджае па працы. Мы ведалі, што яго не будзе. Але нават уявіць не маглі, што такое з ім можа быць. Нам проста патэлефанавалі з больніцы. Мы не ведаем, як і хто яго збіў. Нам у больніцы сказалі, што лекарам ён паспеў распавесці, што яго збілі міліцыянты А вось міліцыянты з сваю чаргу сказалі, што ён зваліўся з другога яруса ложка. Але канечне, з такімі траўмамі, мы разумеем, што гэта немагчыма», – кажа сваячка Дзяніса К.
На смерць мужчыны адрэагавалі ў Следчым камітэце.
«У ходзе праверкі ўстаноўлена, што мужчына быў затрыманы за адміністратыўнае правапарушэнне (дробнае хуліганства) і ўтрымліваўся ў ІЧУ ГУУС Менгарвыканкама. Таксама следствам папярэдне ўстаноўлена, што ён упаў з другога яруса ложка і такім чынам атрымаў цялесныя пашкоджанні.
Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медычная экспертыза, вынятая неабходная медычная дакументацыя, апытваюцца відавочцы». Паводле СК, мужчына быў затрыманы не за ўдзел у пратэстах.
СК belsat.eu