Кітай: касмічная экспансія


Кітай паспяхова правёў першую прыстыкоўку касмічных апаратаў на арбіце. Фактычна гэта было ключавым тэстам на здольнасць рэалізоўваць уласную касмічную праграму.

Касмічны карабель «Шэньчжоў-8», што ў перакладзе азначае «Чароўны човен», састыкаваўся з модулем «Цяньгун-1» на вышыні 340 км над Зямлёю. 10,5-метровы беспілотны «Цяньгун-1» быў запушчаны 29 верасня ў межах рыхтавання Кітаю да стварэння касмічнай лабараторыі. «Шэньчжоў-8» стартаваў 1 лістапада.

Збліжэнне і стыкаванне паміж сабою двух касмічных апаратаў – важны этап для кітайскай касмічнай праграмы. Наступным этапам, паводле афіцыйнага Пекіну, будуць дзве падобныя стыкоўкі ў 2012 г. з удзелам прынамсі аднаго астранаўта. Кітай імкнецца пабудаваць паўнавартасную касмічную станцыю да 2020 г.

Пры гэтым Кітай яшчэ моцна адстае ад такіх касмічных дзяржаваў, як ЗША і Расея. «Цяньгун-1» – гэта модуль, але не блок касмічнай станцыі. Аднак эксперты зазначаюць, што касмічная галіна Кітаю развіваецца хуткімі тэмпамі, у той час як з-за фінансавых праблемаў ЗША ўстрымліваюцца ад павелічэння пілатаваных касмічных запускаў. Расея ж абвесціла, што пілатаваныя палёты ў космас больш не ёсць прыярытэтам.

Кітай запусціў свой першы пілатаваны касмічны карабель у 2003 г. У Пекіне заяўляюць пра планы беспілотных экспедыцыяў на Месяц у 2012 г.

belsat.eu

Стужка навінаў