Ганчарэнка: БАТЭ не думаў пра тое, што гуляе з топ-клубам


У матчы чацвёртага туру групавога этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА з «Міланам» БАТЭ гуляў дзёрзка, агрэсіўна, не думаючы пра тое, што яму супрацьстаіць топ-клуб.

Пра гэта заявіў галоўны трэнер беларускай каманды Віктар Ганчарэнка 1 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску пасля матчу з італьянцамі. «Першы гол у браму топ-клубу, першае ачко. Гэты вынік выпакутаваны, гульцы ўсё пакінулі сёння на полі», – падкрэсліў Ганчарэнка.

Паводле яго, італьянская каманда падчас гульні задала вельмі высокую хуткасць, пад якую БАТЭ змог падстроіцца і якую вытрымаў. «Здзіўленне і павагу выклікае тое, што «Мілан», знаходзячыся ў такім шчыльным графіку, падтрымлівае такі высокі тэмп», – адзначыў настаўнік барысаўцаў.

За 15 хвілінаў да заканчэння матчу ў БАТЭ пачалі атрымлівацца нядрэнныя контратакі, але калі зыходзіць з развіцця ліку (0:1 – Златан Ібрагімавіч на 22-й хвіліне, 1:1 – Рэнан Брэсан на 55-й з пенальці) і момантаў, якія мелі госці, то нічыйны вынік можна лічыць станоўчым, падкрэсліў трэнер.

«Нам трэба было браць у гульні больш паўзаў, каб набірацца сілаў для абароны і контратакаў», – мяркуе Ганчарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў