Канстанцін Скуратовіч: Сацыяльнага выбуху не будзе


«Непазбежная лібералізацыя эканомікі ды ў звязку з гэтым непазбежны рост коштаў, але пытанне – наколькі ён будзе значны і вялікі. Мы перайшлі ўсе межы і паказнікі любой эканамічнай мадэлі – хоць адміністратыўнай, хоць рынкавай. Інфляцыя шалёная і нічому не падпарадкоўваецца», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч.

З пачатку 2011 г. інфляцыя ў Беларусі, паводле экспертнай ацэнкі, склала 80,4 %. Вось ужо некалькі месяцаў запар Беларусь у тэмпах інфляцыі першынствуе сярод краінаў СНД і шэрагу дзяржаваў Еўропы. Індэксацыя заробкаў і пенсіяў не можа кампенсаваць няспыннага росту коштаў. «Гадоў дзесяць таму падвысілі кошты на гарэлку на 10 %. Лукашэнка тады зрабіў суворую вымову. А цяпер ні ўрад, ні Лукашэнка асабліва нічым кіраваць не могуць. Гандаль, прыватны сектар, грамадскі транспарт – усім грошы патрэбныя цяпер. Немагчыма іх выставіць у чаргу да Новага года і паступова падвышаць кошты. Эканомікаю цяпер ніхто не кіруе», – упэўнены эксперт.

Паводле Канстанціна Скуратовіча, у сённяшняй сітуацыі разлічваць на пратэсты насельніцтва не даводзіцца. «Ніякага сацыяльнага выбуху не будзе, бо мінуў той момант, калі гэта было магчымым на пад’ёме адмоўнай рэакцыі. Цяпер наступіла апатыя – рабі што хочаш з народам. Ён будзе толькі прыстасоўвацца», – заявіў эканамічны аглядальнік.

belsat.eu

Стужка навінаў