Алег Волчак: Беларусы маглі служыць у Лівіі


«Беларусь і верталёты пастаўляе ў такія краіны, і стралковую зброю, таму не выключана, што там маглі быць адмыслоўцы, што абслугоўваюць гэтую тэхніку», – заявіў былы следчы Генпракуратуры Алег Волчак, каментуючы інфармацыю пра магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях у Лівіі.

Інфармацыю пра тое, што беларусы ваявалі на баку Муамара Кадафі, распаўсюдзіў адзін з заснавальнікаў «Хартыі’97» Мікалай Халезін са спасылкаю на крыніцу ў Пераходнай нацыянальнай радзе Лівіі. «Магчыма, па нейкай вайсковай дзяржпраграме аказваецца дапамога ў рамонце верталётаў, навучанні снайпераў – не выключаю, што маглі быць там такія адмыслоўцы. Бо шмат якія вайсковыя ўгоды падпісваюцца цішком, пра шмат якія мы не ведаем. Ёсць закрытыя ўказы прэзідэнта, – гаворыць Алег Волчак. – Думаю, бліжэйшыя месяц-паўтара будзе больш інфармацыі. Па-другое, калі там сапраўды загінулі беларусы, то павінны сваякі біць трывогу. Гэта можа адыграць ролю, калі з’явяцца пацярпелыя, чые дзеці або бацькі там загінулі».

Пры гэтым эксперт падкрэслівае, што пакуль гэтыя факты ўдзелу беларусаў ва ўзброеным канфлікце афіцыйна не пацверджаныя. Да таго ж, паводле Алега Волчака, малаімаверна, што групы беларускіх вайскоўцаў маглі нелегальна фармавацца на тэрыторыі Беларусі з мэтаю далейшага перакідвання ў Лівію. «Або гэта прыватная вайсковая «кантора», якая засылае, або гэта нейкія дзяржаўныя праграмы па вайсковай супрацы. Але бліжэйшым часам мы нічога не даведаемся – падчас следства, упэўнены, спецслужбы Лівіі не скажуць, якім чынам гэтыя жаўнеры трапілі ў краіну, як яны служылі, як перасоўваліся, хто імі камандаваў», – мяркуе Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў