Апытанне: маршрутка – не раскоша?


Павышэнне коштаў на праезд наймацней ударыла па менш заможнай частцы насельніцтва, па тых, хто не мае ўласнага аўта. Праезд на грамадскім транспарце ў Менску цяпер каштуе 1300 руб. і да канца года квіткі могуць падаражэць яшчэ на 500 руб. А звычайнаю маршруткаю некаторыя менчукі будуць карыстацца «ў выключных сітуацыях».

Уласнікам маршрутак дазволілі прызначаць адвольны кошт. Цяпер адна паездка з Малінаўкі ва Уручча каштуе 4500 руб. Маршрут Ландара – Камароўскі рынак – 4 тыс. руб.

«Менш людзей будзе ездзіць. Бо дарагавата. Будуць спрабаваць паехаць грамадскім транспартам – там танней, а часам і бясплатна», – гаворыць адзін з менчукоў. «Для пенсіянераў гэта вельмі дорага, – гаворыць іншая рэспандэнтка. – З нашага раёну вельмі цяжка даехаць да Камароўкі, таму даводзіцца на маршрутцы». Пры гэтым некаторыя ўдзельнікі апытання гавораць, што менш карыстацца маршрутнымі таксі не стануць – калі змяніць маршрутку на іншы від грамадскага транспарту, то прыйдзецца рабіць некалькі перасадак.

Падняліся кошты таксама на прыгарадныя і міжгароднія маршруты. «Літаральна нядаўна ехала з Лагойску ў Менск, 4 тысячы плаціла, а цяпер – 8 500. Не чакала такога павышэння. Такія грошы за 30 кіламетраў б’юць па кішэні», – гаворыць адна з апытаных. «Вы ведаеце, стаўленне такое – кладзіся ў труну і крышку зверху – вось такое стаўленне. Бо далей ужо няма куды. За кватэру заплаці, за крэдыт заплаці. І на адной бульбе жыві. А далей і бульба будзе даражэць – не ведаю, як будзе», – заявіў адзін з жыхароў Менску, каментуючы рост коштаў на праезд.

belsat.eu

Стужка навінаў