Самае вялікае задавальненне для музыкантаў — убачыць вынікі сваёй працы. Далейшы лёс альбома ўжо менш цікавы. Аб гэтым шоумен Вадзім Галыгін заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выхаду альбома “Падарунак”, запісанага ім сумесна з гуртам “Лепрыконсы”.
Паводле яго слоў, сама назва альбома адлюстроўвае яго сутнасць — зрабіць падарунак не толькі для слухачоў (альбом можна бясплатна спампаваць у інтэрнэце), але і для выканаўцаў. Многія кампазіцыі ў “Падарунку” напісаны ў стылістыцы любімых музыкантаў шоумена. “Так што там у песнях вы пачуеце ўплыў не толькі “Лепрыконсаў”, але і “Кіно”, Depeche Mode, “Тэхналогіі”, “Жукоў” і нават Горана Брэгавіча”, — сказаў лідар “Лепрыконсаў” Ілья Міцько.
“Калі Вадзім прынёс накіды для альбома, адразу стала зразумела, што ён слухаў апошнія 10 гадоў. Так склалася ідэя — кожная кампазіцыя стане падарункам ад Вадзіма Галыгіна пэўнаму выканаўцу”, — адзначыў Міцько.
У ходзе прэс-канферэнцыі Ілья Міцько і Вадзім Галыгін выканалі песню “Толькі ты” з новага альбома.
belsat.eu