Марына Адамовіч у «Гарачым каментары»


Улады ціснуць на экс-кандыдата на прэзідэнта Міколу Стакевіча. Сітуацыя настолькі сур’ёзная, што родныя звярнуліся па параду да праваабаронцаў.

Міколу Стакевіча змушаюць пісаць прашэнне пра памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Палітвязень адмаўляецца, бо не лічыць сябе вінаватым і тым больш не ўяўляе магчымым, каб яго памілаваў кіраўнік дзяржавы. Як вынік, Статкевіча пазбавілі спатканняў з роднымі на паўгода. Акрамя таго, ён мае праблемы са здароўем. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі. Яго асудзілі пасля леташніх выбараў на 6 гадоў – нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Паводле жонкі экс-кандыдата, сітуацыя вакол Мікалая ды іншых палітвязняў настолькі сур’ёзная, што сваякі палітзняволеных збіраюць заўтра адмысловую прэс-канферэнцыю.

«Пасля паўтарамесячнага перапынку ўчора былі кароценькія, па паўхвіліны званкі да ягонай дачкі і бацькі, у якіх Мікола паведаміў пра ціск з нагоды адмовы напісаць прашэнне пра памілаванне. Гэта ўжо не было актуальным цягам апошняга месяца, але гэтая праблема вярнулася. За гэтую адмову Мікола атрымаў даволі жорсткае спагнанне – страціў магчымасць бачыцца з роднымі цягам паўгода. Да таго ж з гэтага тыдня ён павінен вярнуцца да той самай цяжкай працы на лесапілцы», – кажа Марына Адамовіч.
Раней палітык і так працаваў на лесапілцы, дзе мусіў пілаваць дошкі адною рукою, бо другая пашкоджаная. Цяпер жа Статкевіч будзе насіць бярвенні на распіл.

Жонка палітвязня падкрэслівае, што ейны муж ніколі не напіша прашэнне пра памілаванне, бо проста не лічыць сябе вінаватым. «Любое падтрыманне, простая людская салідарнасць – гэта самае важнае падтрыманне ў такой сітуацыі. Гэтыя людзі баяцца галоснасці, інфармацыя пра іхныя дзеянні ў медыях таксама можа неяк змяніць ціск на палітвязняў, таму мы і збіраем заўтра адмысловую прэсавую канферэнцыю», – кажа Марына Адамовіч.

Пісаць Міколу Статкевічу можна на адрас: 213004 Магілёўская вобл., Шклоў, ПТК № 17.

belsat.eu

Стужка навінаў