Для БАТЭ важнае падтрыманне стадыёну ў гульні з «Міланам»


Тым больш што БАТЭ ў даўгу перад заўзятарамі пасля матчу з «Барселонаю». Такі пункт гледжання напярэдадні двубою з італьянскім клубам выказаў галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка.

«У гульні з «Міланам» мы павінны быць вельмі дзёрзкімі. Неабходная халодная галава ў абароне і дзёрзкасць у атацы. З «Барселонаю» мы гулялі кепска, на выездзе з «Міланам» – лепш, цяпер, спадзяюся, будзе яшчэ лепш. Мы ў даўгу перад заўзятарамі», – заявіў Ганчарэнка.

Паводле яго, калі б лёсаванне камандаў па групах праводзілася другі раз, Ганчарэнка быў бы «дзвюма рукамі за тое, каб «Барселона» і «Мілан» былі ў нашай групе».

«Цяпер, калі мы больш падрабязна паглыбіліся ў аналіз гэтых камандаў, то знайшлі масу цікавага і ў «Барселоны» – тэхнічна пастаўленая гульня, шмат карыснага – і ў каманды «Мілан». Мы павінны ўзяць усё найлепшае і выкарыстаць», – адзначыў Ганчарэнка.

Паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Бага ў сваю чаргу падкрэсліў, што, на ягоную думку, у Лізе чэмпіёнаў няма слабых групаў.

«Любая група для нас была б выдатная, а гэтая група – наогул фантастычная, згуляць з такімі сапернікамі вельмі здорава. Зразумела, што ў кожнай гульні хочацца перамагаць, але мы рэальна глядзім на рэчы. Шчасце для Беларусі, што прыязджаюць такія каманды», – заявіў Бага.

Гулец адзначыў, што ў матчы з «Барселонаю» БАТЭ мог бы згуляць і больш агрэсіўна. «Але гульня пройдзеная, трэба рабіць высновы. Мы разбіралі гэтую гульню, я ведаю, дзе я не меў рацыі. Але гульня прайшла, трэба рухацца наперад. Будзем старацца выпраўляць памылкі», – падкрэсліў паўабаронца БАТЭ.

belsat.eu

Стужка навінаў