Старыкевіч: Ад украінцаў можна чакаць больш аналітыкі


Украінскія журналісты сёння распачалі прэсавы тур па Беларусі.

Арганізатарамі гэтай акцыі выступаюць беларуская амбасада ва Украіне і Нацыянальны прэс-цэнтр. У дэлегацыю ўвайшлі журналісты з шэрагу рэгіянальных выданняў Украіны.

“Іх адвязуць на перадавыя прадпрыемствы Беларусі – МАЗ, агракамбінат “Сноў”, “Мілавіцу”. Вядома ж, украінскім гасцям пакажуць і найлепшыя ўзоры нашай архітэктуры – напрыклад, Фарны касцёл у Горадні ды Нясвіжскі палац”, – паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтру Аляксей Цыбулька.

Рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” і намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандр Старыкевіч лічыць, што прэс-туры, арганізаваныя ўладамі Беларусі, маюць выключна прапагандысцкі характар – паказаць, як добра жывецца ў краіне пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на крызіс.

“Адрозна ад расейскіх журналістаў, мы можам чакаць ад украінскіх калегаў большай аналітыкі ды рознабаковага асвятлення падзеяў у нашай краіне. Бо калі яны пацікавяцца, як справы ў беларусаў ідуць насамрэч, то высвятляць, што ў сярэднім заробку сёлета мы значна саступаем Украіне, хоць раней нашыя пазіцыі былі значна лепшыя. Але збольшага ў такія туры абіраюць камуністычна настроеных журналістаў, якія радыя прыехаць у Беларусь, каб выпіць-закусіць за нашы бюджэтныя сродкі ды пасля напісаць, як тут цудоўна жывецца”.

belsat.eu

Стужка навінаў