Суд Савецкага раёну Менску асудзіў лідара арганізацыі “Правы альянс” Юрыя Карэтнікава да 10 дзён адміністратыўнага арышту за “дробнае хуліганства”.
Пра гэта паведаміла праваабаронца Наста Лойка. 30 кастрычніка прыкладна а 17.00 Карэтнікаў патэлефанаваў родным і паведаміў, што затрыманы.
Юрый Карэтнікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў быў даверанаю асобаю экс-кандыдатаў на прэзідэнта Рыгора Кастусёва і Віталя Рымашэўскага, а пазней удзельнічаў у працы каманды кандыдата Уладзіміра Някляева, адказваючы за стварэнне службы бяспекі.
Пасля 19 снежня 2010 г. ён з’ехаў ва Украіну, дзе разам з яшчэ адным актывістам беларускай апазіцыі Вячаславам Сіўчыкам стварыў грамадскую арганізацыю беларусаў Украіны “Беларускі цэнтр”. Вярнуўся ў Беларусь 26 кастрычніка 2011 г.
“Правы альянс” быў створаны пасля расколу ў 2000 г. незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды. Частка сябраў партыі на знак нязгоды з пазіцыяй партыйнага кіраўніцтва склала ядро новай арганізацыі.
Сёлета ў верасні “Правы альянс” абвесціў пра спыненне палітычнай дзейнасці, скасаванне ўсіх дамоваў пра ўдзел у палітычных кааліцыях і саюзах.
belsat.eu