Міліцыя палюе на ўдзельнікаў акцыяў салідарнасці


Стала вядома пра затрыманне прынамсі двух актывістаў грамадзянскай ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь”.

Учора ўвечары арыштавалі Юлію Сцяпанаву. Дзяўчына ўдзельнічала ў акцыях салідарнасці, што прайшлі ля будынку менскага чыгуначнага вакзалу і ў метро. Відэа з гэтых акцыяў шырока распаўсюджанае ў інтэрнэце. Дзяўчыну змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, паведаміў “Белсату” актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Павел Юхневіч.

Спадар Павел таксама распавёў, што сёння а 14:00 арыштавалі Міхаіла Ермалюка. “Хлопца трымаюць у аддзяленні міліцыі на вакзале. Літаральна некалькі хвілінаў таму нам патэлефанавалі ад імя Міхаіла і папрасілі тэрмінова знайсці яму адваката”, – гаворыць Юхневіч. Актывіст дадае, што Міхаіл Ермалюк таксама быў удзельнікам акцыяў у метро і на вакзале.

Тым часам пасля сямі содняў арышту на волю выйшаў каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандр Валанцэвіч. Яго арыштавалі падчас акцыі салідарнасці 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы. Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў актывіста вінаватым у правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 23.34 КоAП (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

belsat.eu

Стужка навінаў