Яўгена Васьковіча трымаюць у карцары


Раней актывіст аргкамітэту ў справе стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Яго ўжо неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, пасля перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Суд прызначыў Васьковічу пакаранне ў выглядзе 3 гадоў адбывання пакарання ў турме строгага рэжыму. Зараз Яўгена трымаюць у турме № 4 у Магілёве.

28 кастрычніка Васьковіч сустрэўся са сваім адвакатам. “Ён паведаміў, што пачуваецца лепш, чым у калоніі № 15. Паводле яго, часам у турме даюць смачную ежу. Разам з тым, ён ужо двойчы апынуўся ў карцары, дзе перабывае і цяпер. Першы раз ён трапіў туды за тое, што адмовіўся “працаваць на фашысцкую ўладу”, другі раз – на дзесяць содняў за тое, што заснуў у карцары”, – паведаміў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

Васьковіч таксама распавёў пра ўсе выпадкі свайго трапляння ў карцары ў калоніі № 15 у Магілёве. “Як паведаміў адвакат, упершыню яго туды накіравалі на дзесяць содняў за адмову аддаць Біблію, наступны раз – таксама на дзесяць содняў, за адмову маршаваць пад дажджом. Тады ж яго пазбавілі права на любыя спаткання. У далейшым яго саджалі на двое, трое, чацвёра і пяцёра содняў. У выніку 12 кастрычніка над Васьковічам ў калоніі адбыўся суд, які за парушэнні рэжыму прысудзіў яго да пераводу з ўзмоцненага на строгі рэжым “, – сказаў Садоўскі.

Паводле маладзёна, большасць лістоў да яго не даходзіць.

18 траўня бабруйскі суд прысудзіў грамадскіх актывістаў Яўгена Васьковіча, Паўла Сырамалотава і Арцёма Пракапенку да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Усіх іх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Суд палічыў даказанай іхную віну ў спробе падпалу будынку КДБ у Бабруйску.

На будынак аддзелу КДБ у райцэнтры ўначы з 16 на 17 кастрычніка 2010 года кінулі бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпелых не было. Крымінальную справу паводле артыкулу “хуліганства” распачало УУС Бабруйску.

Праваабаронцы лічаць Васьковіча палітычным зняволеным.

belsat.eu

Стужка навінаў