Уладзімір Мацкевіч: Еўропа мусіць спыніць падтрымліваць рэжым


“У супольнай стратэгіі Еўразвязу адносна Беларусі на першым месцы мусіць быць дыялог”, – падкрэслівае палітолаг Уладзімір Мацкевіч. Пры гэтым эксперт звяртае ўвагу, што дыялог павінен быць не паміж Лукашэнкам і Еўропаю, а “Лукашэнкі з антылукашэнкаўскай еднасцю ў Беларусі”.

“Еўропа можа быць толькі пасярэднікам у такім дыялогу і гарантам таго, што дамоўленасці будуць выконвацца”, – заявіў Уладзімір Мацкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. Пры гэтым палітолаг зазначыў, што значная частка рэсурсаў сённяшніх уладаў маюць “еўрапейскае паходжанне”. “Нават сілавікі, тыя, хто разганяе дэманстрацыі, разганяюць іх часткова на сродкі грантаў, што выдаткоўваў Еўразвяз на ўмацаванне праваахоўных органаў. Яны думаюць што даюць на ахову права, а давалі на гвалт. Трэба прыпыніць такія рэчы”, – падкрэсліў Уладзімір Мацкевіч. – Еўропа па-ранейшаму корміць рэжым. Робіць гэта невялічкая група чыноўнікаў, адказная за невялічкія праграмы, не ўзгадняючы іх з агульнаю еўрапейскаю палітыкаю”.

Імаверна, што афіцыйны Менск губляе і гэтак невялікую колькасць прыхільнікаў у Еўразвязе. Гэтак, міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс (Audronius Ažubalis) заявіў, што бачыць у Беларусі “толькі перамены да горшага”. “Тое, што цяпер адбываецца ў гэтак званым новым заканадаўчым працэсе, дзе ўзмацняецца роля спецслужбаў і прэзідэнта, якому яны падсправаздачныя, сведчыць пра памяншэнне грамадзянскіх свабодаў”, – падкрэсліў Ажубаліс. Якія гэта будзе мець наступствы для афіцыйнага Менску? “Слова літоўскіх палітыкаў вельмі важкае ў гэтых пытаннях, бо Літва знаходзіцца ў найбольш цесных стасунках з Беларуссю. Яна, можна сказаць, амбасадар Еўразвязу. Таму меркаванне літоўскіх палітыкаў вельмі істотнае, і нават калі яно не прымаецца цалкам, то да яго ўважліва ставяцца”, – зазначае Уладзімір Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў