Турыстаў найбольш цікавяць традыцыі


Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі семінару “Стварэнне інавацыйных турпрадуктаў на аснове нематэрыяльнай спадчыны”. Паводле прадстаўніцы грамадскага аб’ядання “Адпачынак у вёсцы” Наталлі Барысенкі, адбываецца адраджэнне цікавасці беларусаў да сваіх каранёў, сваёй гісторыі ды традыцыяў. Прыцягваюць гэтыя каштоўнасці і замежных турыстаў: было ўжо некалькі выпадкаў, калі іншаземцы адмыслова прыязджалі ў Лепельскі раён – гуляць тут вяселле паводле беларускага народнага абраду.

Адмыслоўцы зазначаюць, што Беларусь багатая аб’ектамі нематэрыяльнай спадчыны: унікальнымі абрадамі, традыцыямі, якія бяруць пачатак з паганскае мінуўшчыны. У Дзяржаўным спісе гістарычна-культурных каштоўнасцяў на сёння – 53 такія аб’екты. Адзін з іх – абрад “Цары” з вёскі Семежава Капыльскага раёну Менскай вобласці – з 2009 года ўлучаны ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКО, а яшчэ 16 – патэнцыйныя прэтэндэнты на ўлучэнне ў спіс.

“Лічу, адбыўся якасны зрух, – гаворыць Наталля Барысенка, – беларускія турысты сталі больш уважлівыя да адпачынку ў сваёй краіне. У тым ліку і крызіс, напэўна, вымусіў людзей больш адпачываць на радзіме, а значыць, больш удумліва шукаць цікавыя сядзібы, новыя турпрадукты. Такія, якія мы сёння рэпрэзентуем, звязаныя з абрадамі, рамёствамі, – становяцца ўсё больш папулярнымі і прыцягваюць людзей у сельскую мясцовасць”.

belsat.eu

Стужка навінаў