Рэбрэндынг ці змена шыльды?


Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі абяцае беларусам неўзабаве “якасна змяніць карцінку нацыянальнага тэлебачання”.

Першы і “Лад” зменяць тэлеканалы “Беларусь-1” і “Беларусь-2” ужо ў лістападзе. Прыкладна праз год з’явіцца “Беларусь-3”, якая аб’яднае ўвесь кантэнт, што адпавядае вызначэнню “спадчына”. Дарэчы, як паабяцаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, гэты канал будзе цалкам беларускамоўны.

А ў снежні ўсе кабельныя аператары прапануюць гледачам “Беларусь-24”. “Гэта будзе моцны, мускулісты навінавы канал. Любы жыхар краіны, прачнуўшыся ўначы і занудзіўшыся па кароткіх, ёмістых навінах у краіне і свеце, дазнаецца іх з гэтага каналу”, – паведаміў Генадзь Давыдзька на прэс-канферэнцыі з нагоды рэбрэндынгу беларускіх тэлеканалаў.

Вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін, аднак, сумняваецца, што беларускія каналы сапраўды змогуць чымсьці здзівіць гледачоў. “Пакуль што тая прадукцыя, якую мне зрэдку даводзіцца бачыць, выклікае вялікія сумневы ў тым, што запланаваныя змены прывядуць да нечага сур’ёзнага”, – зазначае былы старшыня Дзяржаўнага камітэту тэлерадыёвяшчання Беларусі. Генадзь Бураўкін гаворыць, што вынік будзе залежаць ад таго, наколькі да зменаў гатовы сам калектыў, а ў большай ступені – тыя людзі, якія “курыруюць і кіруюць тэлебачаннем”.

“Калі прынцыпова не змяніць палітыкі вяшчання, не змяніць уладальніка – тэлебачанне мусіць належыць не дзяржаве, а грамадству, – сутнасць застанецца тая ж”, – упэўненая прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук. Яна мяркуе, што рэбрэндынг распачалі таму, што ўлады імкнуцца змяніць імідж Беларусі ў свеце на больш прывабны. “Імаверна, з’явіцца больш выхвальных матэрыялаў, дададуць больш вясёлкавых колераў. Але гэта будзе толькі раздражняць гледача, бо ён бачыць сапраўдную сітуацыю ў краіне і даўно ацаніў гэта прымаўкаю: чорнага сабаку не адмыеш да белага”, – гаворыць журналістка.

belsat.eu

Стужка навінаў