Аляксандра Малчанава арыштавалі на 10 дзён


Былога палітвязня абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам.

Аляксандра Малчанава затрымалі сёння ноччу. Раніцаю яго адвезлі ў Барысаўскі раённы суд. «У судзе яго імкнуліся звінаваціць у тым, што ён нібыта лаяўся матам, а таксама не выконваў патрабаванняў працаўнікоў міліцыі. Аднак прысуд быў вынесены паводле артыкулу 23.4 «Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», – распавяла «Белсату» праваабаронца Наста Лойка.

Паводле яе, не зразумела, чаму барысаўская міліцыя фактычна зладзіла паляванне на былога палітвязня. «Пасля выхаду на волю Аляксандр ніякай актыўнаю палітычнаю дзейнасцю не займаўся, у акцыях не ўдзельнічаў. У Барысаве вельмі крымінагенная абстаноўка, магчыма, такімі паводзінамі міліцыянты імкнуцца прадэманстраваць, што яны актыўна працуюць», – не выключае праваабаронца.

Яна таксама дадае, што ноччу ў прыватным доме, дзе Аляксандр Малчанаў жыве разам з маці, прайшоў ператрус. Міліцыянты сцвярджалі, што яны шукаюць забароненыя сцягі, але ў выніку канфіскавалі камп’ютар. Праваабаронца зазначае, што гэта ўжо трэці ператрус у доме Малчанавых за няпоўны месяц – раней у хаце шукалі зброю.

Аляксандр Малчанаў за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 г. быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў Магілёве да свайго вызвалення 14 верасня паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаванні.

belsat.eu

Стужка навінаў