Сваякі палітвязняў: Ермакова цытуе словы свайго кіраўніка


Падчас прэс-канферэнцыі, што адбылася з нагоды ўсталявання адзінага курсу долара, старшыня Нацыянальнага банку краіны Надзея Ермакова пацвердзіла, што сярод умоваў выдзялення крэдыту МВФ ёсць і палітычныя. “Такога, каб нейкая краіна з тых, якія ўпэўненыя, што эканоміку Беларусі трэба разглядаць праз прызму палітыкі, адмовілася ад такіх поглядаў, не было. Гэтая інфармацыя не хаваецца, што ёсць такое патрабаванне выпусціць палітвязняў”, – заявіла журналістам Надзея Ермакова. І дадала: “Яны не хочуць выходзіць”.

Ірына Халіп, жонка зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, упэўненая, што пацверджанняў гэтай заявы высокапастаўленая чыноўніца не мае: “Ёй, як і іншым служкам рэжыму, забаронена думаць самастойна. Яна проста паўтарае тое, што гаварыў Лукашэнка. Гэта ж ягоныя словы былі – што, маўляў, яны не хочуць выходзіць, ім падабаецца выглядаць героямі”. (Такая заява з вуснаў прэзідэнта Беларусі прагучала на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расейскіх медыяў, што адбылася ў Менску 7 кастрычніка.)

На меркаванне Ірыны Халіп, Лукашэнка чакае ад сваіх былых апанентаў пакаяння. “Ён хоча, каб яны звярнуліся з прашэннем аб памілаванні – і тым самым прызналі яго легітымным дзейным лідарам”, – адзначае спадарыня Халіп.

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч лічыць, што Лукашэнка дагэтуль не вызваляе “дзекабрыстаў” дзеля асабістай помсты гэтым людзям. “Таксама магчыма, што прапанова польскага ўраду – у выпадку вызвалення палітвязняў атрымаць значныя грошы – была ім памылкова ўспрынятая як прапанова пагандлявацца, каб як мага даражэй прадаць гэтых людзей”, – не выключае Марына Адамовіч.

Жанчына нагадвае, што яшчэ на судзе Мікалай Статкевіч звярнуўся да еўрапейскіх дыпламатаў з заклікам не падпарадкоўвацца рэжыму: “Ягоныя словы зноўку пацвердзіліся – з бандытамі гандлявацца нельга”.

Цяпер у турмах Беларусі застаюцца 14 палітвязняў. Сярод іх і два былыя супернікі Аляксандра Лукашэнкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах: Андрэй Саннікаў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч – на 6 гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў