Ермакова пра купюру 200 000 рублёў і палітвязняў, што не хочуць выходзіць на волю


Старшыня кіраўніцтва Нацбанку Беларусі растлумачыла журналістам прычыны, з якіх Беларусь дагэтуль не атрымала крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Паводле ейных словаў, нядаўняя місія МВФ станоўча ацаніла крокі, якія робяць урад і Нацыянальны банк дзеля стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы. “Мы ідзем правільным шляхам”, – упэўненая Ермакова.

Разам з тым, “магчыма, крэдыту МВФ і не будзе. Нават калі мы на сто адсоткаў усё выканаем (умовы для пачатку крэдытнай праграмы), Застаюцца палітычныя моманты, і гэта галоўны фактар у дачыненнях з МВФ. Не з гэтаю місіяй, а з прадстаўнікамі шэрагу краінаў, якія ўваходзяць у Раду дырэктараў МВФ. Ім важнейшая палітыка, а не эканоміка”, – сказала Ермакова.

Яна падкрэсліла, што прадстаўнікі МВФ і не хаваюць сваіх патрабаванняў выпусціць палітвязняў, каб Беларусь магла разлічваць на атрыманне крэдыту з боку фонду. “А яны (палітвязні) не хочуць выходзіць”, – засмуцілася кіраўнік Нацбанку.

Надзея Ермакова распавяла і пра хуткі выпуск новай купюры. Нацыянальны банк ужо замовіў грашовы білет на 200 000 беларускіх рублёў. Плануецца выпусціць купюру ў абарачэнне на пачатку 2012 г.

Са словаў старшыні Нацбанку, на грошах будзе выяўлены адзін з твораў беларускай архітэктуры.

Акрамя таго, Надзея Ермакова прыйшла да высновы, што разліковыя білеты наміналам дзесяць і дваццаць беларускіх рублёў “сябе зжылі”.

“Каб надрукаваць гэтыя дзясятачкі, дваццатачкі, трацяцца вялікія грошы. Мы ўнеслі прапанову ўраду, каб кошты акругляліся ў межах 50 беларускіх рублёў, каб пакінуць толькі гэты разліковы білет у якасці найменшага”, – сказала Ермакова.

belsat.eu

Стужка навінаў