Выхад на адзіны курс для эканомікі ў цэлым – станоўчая з’ява, але гэта азначае і рост коштаў. Эканамісты прагназуюць, што пры самым пазітыўным развіцці падзеяў да канца года яны павысяцца мінімум на 20 %.
Афіцыйны курс выкарыстоўваўся для закупкі газу, электраэнергіі, медыкаментаў ды іншай сацыяльна значнай прадукцыі. Згодна з указам № 366, адпускны кошт на імпартныя лекі вызначаецца, зыходзячы з курсу Нацбанку. Адзіны курс прывядзе да таго, што кошты на лекі «скокнуць» удвая. Пры гэтым ва ўказ № 366 рыхтуюцца змены. Дазволяць пераацэнку лекаў па неабходнасці, а не раз на месяц, як было раней.
Самым бліжэйшым часам варта чакаць падаражання паліва. «Белнафтахім» быў асноўным ініцыятарам выхаду на адзіны курс, бо пры працы з курсам 5750 руб. за долар нафтаперапрацоўка рабілася стратнаю. У выніку некаторыя прадпрыемствы (напрыклад, «Лукойл-Беларусь») пачалі скарачаць колькасць працаўнікоў.
Больш заплацяць беларусы і за паслугі ЖКГ. З пачатку крызісу гэта, бадай, адзіная сфера, дзе амаль не пераацэньваліся кошты ў звязку з новым курсам. Аднак у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі паведамілі, што дакументы для павышэння тарыфаў падрыхтаваныя. У свой час віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў: «Аплата камунальных паслугаў падымецца мінімум на сто тысяч рублёў для кожнай кватэры».
Эканаміст Ірына Урбан нагадвае, што падаражэюць імпартныя тавары, мыты на якія дагэтуль выплачваліся паводле курсу 5750 руб.
belsat.eu