Таццяна Зялко ў “Гарачым каментары”


“Як дажыць да панядзелка” ці “абы вайны не было”? Што з гэтага ёсць найважнейшае для кожнага 4-га грамадзяніна Беларусі – пенсіянера?

У верасні рэальны памер пенсіяў у параўнанні са жніўнем знізіўся на 12 %. Гэткія афіцыйныя звесткі, якія сёння апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт. Паводле чыноўнікаў, сярэдні памер пенсіі па ўзросце склаў амаль 800 тысяч рублёў, сацыяльнай – удвая менш, а гэта 50 долараў на сённяшні дзень – паводле камерцыйнага курсу.

Старшыні ўправы Саюзу беларускіх пенсіянераў “Нашае пакаленне” мяркуе, што статыстычныя звесткі чыноўнікаў непраўдзівыя. “Калі параўноўваць з студзенем 2011 года, тады сярэдняя пенсія складала 584 тысячы, што на той час складала 194 долары. А ў кастрычніку яна стала 677 тысяч рублёў, што на сёння складае 90 долараў. Такім чынам, нашая пенсія зменшылася больш як удвая, а не на 12 %”, – кажа спадарыня Зялко.

У такіх умовах беларускія пенсіянеры выжываюць за кошт гародаў і дапамогі дзяцей. Яны перажылі пасляваенны час, гады ўсеагульнага дэфіцыту, таму сённяшні крызіс – толькі чарговы ў іхнім жыцці. Чым паспяхова карыстаюцца ўлады. “Лукашэнка абяцае, але гэтыя абяцанні на хлеб не намажаш. Лічбы кажуць наўпрост: пенсія паменшылася ўдвая, а яшчэ ж выраслі і кошты. Такім чынам, цэны з’елі ўсю гэтую дапамогу 500 тысячаў”, – кажа Таццяна Зялко.

Старшыня саюзу беларускіх пенсіянераў адзначыла, што цягам апошніх месяцаў улады імкліва губляюць падтрыманне, здавалася б, свайго сталага электарату – пенсіянераў. “Нашыя пенсіянеры ўжо гатовыя выходзіць на вуліцы з пустымі рондалямі ды гаманцамі, увесь час тэлефануюць у нашую арганізацыю і кажуць, што далей гэтак жыць немагчыма. Таму мы і збіраемся заявіць уладам, што нам таксама трэба жыць, а не выжываць”, – кажа Таццяна Зялко.

belsat.eu

Стужка навінаў