Някляеў: падрыхтуем дакументы гэтак, каб ніхто не дачапіўся


Вярхоўны Суд адмовіў задаволіць скаргу заснавальнікаў грамадскага аб’яднання “Гавары праўду!” на нерэгістрацыю арганізацыі Міністэрствам юстыцыі. Такое рашэнне вынес суддзя Мікалай Бабкоў.

Устаноўчы сход аб’яднання прайшоў 18 чэрвеня ў Менску. Старшынём арганізацыі абралі кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года Уладзіміра Някляева. У жніўні Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі “Гавары праўду!” з прычыны памылак у пададзеным дакуменце, якi пацвярджае права ўласнасці на памяшканне, дзе размяшчаецца юрыдычны адрас арганізацыі.

“Мы ілюзіяў і не мелі, – заўважыў адзін з заснавальнікаў арганізацыі Сяргей Вазняк, – бо ведаем, у якой краіне жывем. Але нам важна было ведаць, якую з недарэчных падставаў Вярхоўны суд пакіне ў канчатковым рашэнні. Пакінулі толькі адну недарэчнасць, якая была ў прэтэнзіях Міністэрства юстыцыі: уласнік памяшкання, які гарантаваў нам юрыдычны адрас, у гарантыйным лісце няслушна ўказаў месяц свайго нараджэння. Заўважу, што паводле закону падставаю для адмовы ў рэгістрацыі могуць быць толькі тыя недахопы, якія носяць непераадольны характар”.

Паводле Вазняка, ініцыятары маюць намер правесці чарговы, ужо трэці, устаноўчы сход і зноў падаваць дакументы ў Мінюст. “Цяпер ім давядзецца прыдумляць нешта новенькае для адмовы ў рэгістрацыі”, – усміхаецца актывіст.

“Нам часта задаюць пытанні, – працягвае Уладзімір Някляеў, – а навошта мы наогул збіраем дакументы, падаем іх, ходзім у суд, губляем час. Гэтак трэба. Мы цяпер паспрабуем гэтак падрыхтаваць дакументы, што яны не змогуць прычапіцца ні да чаго. Але больш важна тое, што, пакуль дакументы разглядаюцца, наша арганізацыя як бы існуе на легальных падставах. Гэта значыць, што я магу быць адносна спакойны за тых, хто працуе ў кампаніі “Гавары праўду!”, што іх не прыцягнуць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. На кожным участачку поля, якое сёння, па сутнасці, – поле бітвы за будучыню Беларусі, нам трэба рабіць усе магчымыя намаганні для хай маленькай, але перамогі”.

belsat.eu

Стужка навінаў