Сяргей Чалы: Праблемы з выплатамі могуць з'явіцца ў 2013 годзе


Паводле эканаміста, ужо праз два гады Беларусь можа сутыкнуцца з праблемамі праз выплату вонкавых запазычанасцяў. Толькі за абслугоўванне крэдытаў давядзецца плаціць больш за $ 2 млрд штогод. Гэтая сума у чатыры разы большая за сёлетнія выплаты.

Беларусь пазычыла ў Расеі ды МФВ прыкладна па $ 3,5 млрд, і, паводле эканаміста, гэта досыць выгадныя для краіны крэдыты. “Нягледзячы на высокія тэмпы росту запазычанасцяў, у нас пакуль што гэты паказнік, паводле еўрапейскіх меркаў, невялікі. Гэта не 100% ВУП ці нават больш, як у Італіі, Іспаніі ды Грэцыі, а толькі каля 30% ВУП. Бо мы пакуль што знаходзімся ў адносна бяспечнай зоне”, – падкрэсліў Сяргей Чалы.

Паводле эксперта, плацежаздольнасць Беларусі на цяперашні момант не выклікае вялікіх сумневаў, аднак ужо праз два гады сітуацыя можа змяніцца. “Да 2013–2014 гг. кошт абслугоўвання вонкавага доўгу невялікі, – кажа Сяргей Чалы. – Сёлета гэта каля $ 500 млн, летась было каля $ 300 млн, але акурат у 2013–2014 гг. будзе адчувальны скачок да $ 2–2,5 млрд”.

Эканаміст упэўнены, што ўжо цяпер варта задумацца, як вырашыць “праблему-2013”. “Сёння, па вялікім рахунку, аніякіх крокаў для гэтага не робіцца, – заявіў Сяргей Чалы ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. – Краіна больш спажывае, чым вырабляе. Іншымі словамі, жыве не па сродках, і зразумела, што ў доўгатэрміновай перспектыве такая сітуацыя няўстойлівая. Рана ці позна гэты вонкавы сектар давядзецца балансаваць”.

Сяргей Чалы лічыць, што ўраду варта прыслухацца да парадаў ад Міжнароднага валютнага фонду, штопраўда, выкананне гэтых рэкамендацыяў можа негатыўна ўспрымацца насельніцтвам. У прыватнасці, змяншэнне дзяржаўных інвестыцыяў у будаўніцтва, павялічэнне гнуткасці валютнага курсу, змяншэнне крэдытавання ў межах дзяржаўных праграмаў. “Гэтыя рэчы неабходныя, але наколькі іх магчыма рэалізаваць, галоўным чынам праз палітычныя матывы? Зразумела, што да выбараў – не. З іншага боку, што б з дзейнаю ўладаю не здарылася на найбліжэйшых выбарах, гэтыя захады будуць рэалізоўвацца. За гэты перадвыбарчы год давядзецца расплочвацца налета ды вяртацца да антыкрызіснай палітыкі”, – падкрэсліў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў