Пралукашэнкаўскі бізнесовец падаў у суд на Раду ЕЗ


Беларускі бізнесовец Уладзімір Пефціеў падаў у Суд Еўразвязу пазоў супраць Рады ЕЗ. Ён патрабуе ануляваць рашэнне, згодна з якім на яго распаўсюджваюцца санкцыі Еўразвязу. Акрамя таго, бізнесовец настойвае на тым, каб адказчык аплаціў страты, паведамляе афіцыйны часопіс Еўразвязу.

20 чэрвеня Рада ЕЗ пастанавіла пашырыць спіс беларускіх грамадзянаў і кампаніяў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ў сувязі парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. У гэты спіс дадалі Пефціева і тры кампаніі – ЗАТ “Белтэхэкспарт”, ЗАТ “Спорт-пары” і ПУП “БТ Тэлекамунікацыі”. У дакументах Еўразвязу Пефціеў пазначаны як “асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і ягонаю сям’ёю, галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі ды найважнейшы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі, старшыня рады акцыянераў “Белтэхэкспарту”, найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў”.

Санкцыі супраць названых кампаніяў уведзеныя на той падставе, што ўсе яны “падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву”. Сутнасць санкцыяў зводзіцца да таго, што Пефціеву забаронена наведваць тэрыторыю Еўразвязу, а ягоныя рахункі ды маёмасць у краінах ЕЗ мусяць быць замарожаныя. Ягоным кампаніям забаронена весці бізнес на тэрыторыі краінаў Еўразвязу.

Пазоў Пефціева заснаваны на пяці аргументах. Па-першае, лічыць бізнесовец, Рада ЕЗ не падала адэкватнай аргументацыі для ўключэння яго ў згаданы спіс.

Па-другое, на думку пазоўніка, адказчык парушыў ягоныя правы на абарону і бесстаронняе слуханне справы, прадугледжаныя арт. 47 Хартыі Еўразвязу аб асноўных правах, а таксама арт. 6 і 13 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. У прыватнасці, сцвярджае Пефціеў, яму не далі права быць выслуханым і запатрабаваць свайго выключэння са спісу.

Па-трэцяе, мяркуе Пефціеў, чальцы Рады Еўразвязу памыліліся, палічыўшы яго асобаю, звязанаю з Аляксандрам Лукашэнкам і ягонаю сям’ёй, галоўным эканамічным дарадцам Лукашэнкі ды найважнейшым спонсарам рэжыму. Ён таксама назваў памылкаю сцвярджэнне, што кампанія “Белтэхэкспарт” – найбуйнейшы экспарцёр-імпарцёр абароннай прадукцыі ў Беларусі.

Па-чацвёртае, адзначае Пефціеў, адказчык неабгрунтавана і без важкіх доказаў парушыў фундаментальнае права на ўласнасць, гарантаванае арт. 17 Хартыі Еўразвязу аб асноўных правах і Пратаколам № 1 да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Па-пятае, адказчык парушыў прынцып сувымернасці, непрапарцыйна абмежаваўшы асноўныя правы пазоўніка без адэкватных працэдурных гарантыяў і важкіх доказаў.

У якасці прадстаўнікоў пазоўніка ў дакументах названыя адвакаты Вілія Вайткуце Паван, Андрус Смалюкас і Эльзе Матулёніце. Усе яны працуюць у літоўскім офісе балтыйскай юрыдычнай кампаніі “LAWIN”.

Аналагічныя пазовы названыя адвакаты падалі ад імя беларускіх кампаніяў “Белтэхэкспарт”, “Спорт-пары” і “БТ Тэлекамунікацыі”. Як высветлілася, усе чатыры пазовы былі пададзеныя яшчэ 12 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў