Антон Болтачка ў «Гарачым каментары»


Нібыта без выстаўлення палітычных умоваў, але з абавязковымі эканамічнымі рэформамі. Толькі гэтак Беларусь можа атрымаць крэдыт Міжнароднага валютнага фонду. Але калі ды колькі – не вядома.

Першасная ўмова для атрымання крэдыту МВФ – жорсткая эканамічная палітыка. А гэта азначае зніжэнне інфляцыі, стрыманне дзяржаўных выдаткаў, спыненне росту заробкаў, абмежаванне крэдытавання дзяржаўных праграмаў. Наяўнасць палітвязняў не мае паўплываць на рашэнне МВФ, але кансультацыі будуць праходзіць з дырэктарамі кожнай краіны – чальца фонду (іх 180). Місія працягне сваю працу ў Беларусі, але калі ды якую суму могуць выдзеліць – такой інфармацыі няма.

Паводле эканаміста Антона Болтачкі Менск мае ўсе шанцы атрымаць крэдыт ад МВФ. Перадусім таму, што сам Валютны фонд у гэтым зацікаўлены. «МВФ чакае, пакуль сітуацыя яшчэ больш пагоршыцца, каб Беларусь пачала прасіць выдаць крэдыт, а не высоўваць нейкія прапановы. Трэба адзначыць, што рэформы, якіх цяпер патрабуе Валютны фонд, – гэта тыя самыя рэформы, якіх ён патрабаваў улетку. Улады не пайшлі на гэтыя рэформы тады і не пойдуць на іх зараз. Яны толькі імітуюць іх выкананне, але да сапраўдных зменаў не гатовыя», – заявіў эксперт.

Гэты крэдыт неабходны Беларусі, але і МВФ хоча трымаць Менск на «крэдытнай ігле». Менавіта таму МВФ не ставіць палітычных умоваў, бо ў такім выпадку, як гэта было раней, Беларусь можа атрымаць крэдыт з усходу.

belsat.eu

Стужка навінаў