Адносіны расейцаў да Беларусі з ліпеня палепшыліся


Аб гэтым сведчаць вынікі апытання расейскага аналітычнага цэнтру Юрыя Леванды.

Апытанне было праведзена 23-27 верасня сярод 1600 грамадзян у 130 населеных пунктах.
Згодна з вынікамі, добра да Беларусі ставіцца 75% расейцаў, дрэнна – 16%. Для параўнання ў ліпені добрае стаўленне да беларусі пацвердзіла 68%, дрэннае – 22%. Большасць расейцаў – 61% – не лічаць Беларусь замежжам.

Меркаванні апытанных адносна таго, як за апошнія 12 гадоў змяніліся адносіны Расеі з краінамі СНД, падзяліліся – 33% лічаць, што адносіны засталіся на папярэднім узроўні, 30% – палепшыліся, 28% – пагоршыліся. 65% апытаных не згодны з тым, што Расея павінна любымі сродкамі, а, калі спатрэбіцца, то і сілаю, утрымліваць пад кантроляй былыя рэпублікі СССР. Згодныя з такім меркаваннем 27% расейцаў.

Вынікі апытання сведчаць таксама аб тым, што расейцы ў цэлым добра ставяцца да ЗША і ЕЗ, а таксама да Украіны. Практычна палова апытаных мяркуюць, што за апошнія 12 гадоў адносіны Расеі з Захадам палепшыліся.

Што датычыцца адносінаў з Украінай, большасць апытаных (63%) лічаць, што Расея і Украіна павінныя быць незалежнымі, але дружалюбнымі дзяржавамі. Замежжам Украіну не лічаць 60%, лічаць – 37%. Грузію, наадварот, толькі 37% не лічаць замежжам, 56% разглядаюць Грузію як замежжа.

belsat.eu

Стужка навінаў