За мяжою беднасці


17 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з беднасцю, якая працягвае заставацца глабальнаю праблемаю.

Якім чынам аказваецца дапамога бедным у Беларусі, распавяла Вольга Міцкевіч з дабрачыннай арганізацыі «Карытас»: «Нашая арганізацыя аказвае дапамогу ў розных кірунках. Мы дапамагаем шматдзетным сем’ям, сіротам, інвалідам, бяздомнікам. У нас ёсць сацыяльны пункт, дзе штогод сям’я можа атрымаць дапамогу ў выглядзе харчоў і вопраткі, ёсць аптэчны пункт, дзе можна атрымаць лекі па рэцэпце і даведках. Ёсць дзіцячы лагер, дзе летам можна аздаравіць дзіця. Таксама ў нас ёсць кухня для бяздомнікаў, дзе штодня выдаецца каля 120 абедаў. Штогод дапамогу з пункту атрымліваюць каля 2 тысяч чалавек, у лагерах аздараўляецца каля 300–350 дзяцей».

Тамара, бяздомніца з Горадні, каментуе сітуацыю наступным чынам: «Каб я сядзела тут, з працягнутаю рукою… А пад’ехала б дзяржава, сказала б: «Тамара Вячаславаўна, вы столькі прарабілі, вось вам інтэрнат». Дык ніхто ж намі, такімі, не цікавіцца». «А потым нас ганяюць, кажуць: «Чаму вы тут седзіце, пабіраецеся?» Дык мы ў кішэню ні да кога не лезем. Дае чалавек пачку пячэння – пойдзем, у прыбіральні вады возьмем і вып’ем з гэтаю вадою. Цяжка і сорамна», – дадае жанчына.

Паводле Таццяны Каліноўскай з газеты «Белорусы и рынок», бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі – гэта фікцыя. Беларусь на сёння займае першае месца ў рэгіёне паводле галечы і беднасці. «Не трэба параўноўваць нават з Польшчаю, давайце возьмем Малдову, дзе сярэдні заробак складае 280 долараў, на Украіне – 340. Мы, на жаль, скаціліся да ўзроўню сярэднеазіяцкіх краінаў», – падкрэсліла яна.

belsat.eu

Стужка навінаў