У Берасці затрыманы ўдзельнік адзіночнага шэсця


Увечары 16 кастрычніка берасцейская міліцыя затрымала праваабаронцу Рамана Кісляка. Гэта адбылося прыкладна а 18.00 на бульвары Касманаўтаў.

Кісляк паспеў паведаміць, што працаўнікі міліцыі затрымалі яго падчас правядзення ім адзіночнага вулічнага шэсця супраць незаконнага ўтрымання пад вартаю Алеся Бяляцкага.

Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Малей, ранкам 17 кастрычніка ён патэлефанаваў у дзяжурную частку Ленінскага райаддзелу міліцыі, дзе яму пацвердзілі інфармацыю пра затрыманне Кісляка: “Мне таксама сказалі: на Кісляка складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавай акцыі або пікетавання паводле артыкулу 23.34 КоАП. Ноч ён заставаўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Адтуль яго 17 кастрычніка даставяць у суд, дзе будуць разгледжаныя матэрыялы адміністрацыйнай справы затрыманага”.

Раней берасцейскі гарвыканкам адмовіў Кісляку ў правядзенні шэсця супраць незаконнага ўтрымання пад вартаю Алеся Бяляцкага.

Праваабаронца падаваў заяўку на адзіночнае вулічнае шэсце 16 кастрычніка на пешаходнай частцы бульвару Касманаўтаў, каб прыцягнуць увагу берасцейцаў да факту парушэння права на свабоду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Кісляку было адмоўлена ў шэсці на падставе таго, што да заявы не прыкладзеныя дамовы з органамі ўнутраных справаў, установаю аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.

Праваабаронца палічыў, што гэта не адказ паводле сутнасці. “На падставе закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” мне мусяць “дазволіць” або “забараніць” правядзенне шэсця. Гэты закон тэрміну “адмовіць у правядзенні” не ўтрымлівае”, – заявіў раней Кісляк і падкрэсліў, што паколькі ён не атрымаў адказу ў адпаведнасці з законам аб забароне вулічнага шэсця, то мае намер яго правесці.

belsat.eu

Стужка навінаў