Заіка: Калі народ пяройдзе на бульбу, то ў нас увогуле інфляцыі не будзе


Аб’ём гатоўкі за верасень павялічыўся на 15,1 % і склаў на 1 кастрычніка 7,72 трыльёна рублёў. Усяго ж, згодна са статыстычнымі звесткамі Нацбанку, сёлета за 9 месяцаў аб’ём наяўных грошай вырас на 71,9 %.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка гаворыць, што ў гэтым вінаватая “няўцямная эканамічная палітыка”, якая ўжо зрабіла сваю чорную справу: прывяла да найвялікшай за ўсю гісторыю краіны дэвальвацыі. “На мой погляд, дэвальвацыя пацягне інфляцыю адсоткаў на 300. У эканоміцы цудаў не бывае. Калі курс “уехаў” утрая, зразумела, што вонкаваэканамічныя кошты паўплываюць на кошты ўнутраныя”, – зазначае эканаміст.

Аднак Леанід Заіка не выключае, што афіцыйная статыстыка “намалюе” інфляцыю ўтрая ніжэйшую. “Калі браць бульбу, капусту, хлеб, то яны падаражэлі нязначна. Вось, калі меркаваць паводле гэтай групы тавараў, а таксама выкарыстоўваць іншыя хітрыкі, то інфляцыя складае ўсяго 75 %. Але паглядзіце, колькі каштуюць кілбасы, мяса, – тут ужо гіперінфляцыя”, – тлумачыць эканаміст.

Леанід Заіка адзначае, што спадзеваў на тое, што інфляцыя прыпыніць свой рост, пакуль няма, бо ўрад прымае няправільныя рашэнні: індэксуе заробкі ды пенсіі, выдае грошы на набыццё гародніны, то бок павялічвае нічым не падмацаваную грашовую масу.

belsat.eu

Стужка навінаў