Працягваюць караць за Народны сход


Сёння ў міліцыю даставілі кіраўніка Бабруйскай гарадской арганізацыі АГП Віктара Бузінаева.

“Яны палявалі за мною з панядзелка: тэлефанавалі, дасылалі на хатні адрас недакладна складзеныя позвы. Сёння, нарэшце, ім удалося мяне злавіць”, – распавёў “Белсату” Віктар Бузінаеў. Паводле актывіста, яго абвінавачваюць у арганізацыі незаконнага масавага мерапрыемства.

Спадар Бузінаеў спрабаваў пераканаць міліцыянтаў, што Народны сход не падпадае пад Закон аб масавых мерапрыемствах, таму дазвол на яго правядзенне не патрэбны. Тое ж самае Віктар Бузінаеў напісаў у заўвагах да пратаколу. Міліцыянты папярэдзілі кіраўніка гарадской суполкі АГП, каб ён чакаў позвы ў суд. Допыт Віктара Бузінаева вёў намеснік начальніка мясцовага аддзелу ўнутраных справаў Андрэй Малахаў, пратакол складаў капітан Ганчароў. Актывіст упэўнены, што дзеянні міліцыянтаў скіраваныя на тое, каб запалохаць людзей перад наступным Народным сходам, які запланавалі правесці 12 лістапада.

Нагадаем, учора суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (1 400 000 рублёў) Віктара Івашкевіча. Суддзя Кірыл Полулех таксама прызнаў Віктара Івашкевіча вінаватым у парушэнні Закону аб масавых мерапрыемствах.

belsat.eu

Стужка навінаў