Алесь Залеўскі. Часцей бачыць вочы людзей, для якіх я раблю сваю працу


Алесь Залеўскі, вядоўца праграмаў «Тыдзень у «Аб’ектыве»  і «Гарачы каментар» тэлеканалу «Белсат», прызнаецца, што яму вельмі цікава размаўляць з самымі рознымі людзьмі. Ён правеў шматлікія інтэрв’ю, а цяпер вашай увазе размова з самім Алесем: які ён па-за кадрам, як прыйшоў на «Белсат», сакрэты тэлекухні ды некалькі словаў пра асабістае…

Размова з Алесем адбываецца пасля футбольнага матчу Польшча–Беларусь. Вядоўца кажа, што спорт заўжды з ім, а на першым месцы – футбол. Любоў да яго прышчапіў бацька, які гуляў за моладзевую зборную БССР і за маскоўскі «Лакаматыў».

– Бегаю ці не кожны дзень. Пачаў займацца баямі без правілаў. Гэта добра развівае не толькі фізічна, але і псіхалагічна.

– То бок спрачацца з Алесем Залеўскім небяспечна?

– Так, не толькі ў студыі, але і на вуліцы (усміхаецца).

Футбол – адна з чатырох улюбёных справаў тэлевядоўцы. Апроч гэтага ў топ-спіс уваходзяць джаз, сэкс і кнігі. Адразу зазначым, што гэтыя перавагі пералічаныя адвольна. Алесь Залеўскі кажа, што любіць усё гэта ў рознай ступені і дапаўняе адно іншым.

А наогул інфармацыі пра вядоўцу «Белсату» няшмат. Нават ягоныя старонкі ў сацыяльных сетках не дапамаглі пры рыхтаванні да інтэрв’ю.

– У сацсетках я асабліва не раскрываюся. Выкарыстоўваю іх як крыніцу інфармацыі пра іншых.

Зрэшты, месца і дата нараджэння там пазначаныя – 1987 год, вёска Абухава. Алесь распавядае, што гэта за 15 км ад Горадні. Нарадзіўся ён у шараговай на той час сям’і: бацька і маці працавалі ў калгасе «Шлях камунізму».

Падлеткам Алесь ездзіў з бацькам у Горадню прадаваць бульбу, а заадно і ў Школу маладога журналіста, якую вёў ягоны «першы і найважнейшы настаўнік» Віктар Руднік.

– Я збягаў за 10 хвілінаў да канца заняткаў, каб паспець на апошні аўтобус да Абухава.

Пасля Алесь працаваў у гарадзенскай газеце «Біржа інфармацыі». Калі яе зачынілі за крытыку рэферэндуму 2004 г., паступіў у БДУ.

– На журфак?

– Не, на філфак. Палічыў, што гэта больш дасць. І не шкадую: за першы год навучання я прачытаў усё, што было перакладзена на расейскую або беларускую мовы з антычнай літаратуры. На філфаку арганізаваў кампанію «Варта», мэтай якой быў распаўсюд беларускай культуры і мовы. Мы выходзілі ў горад з беларускімі песнямі, у метро з пазітыўнымі налепкамі – чырвоны надпіс «Усміхніся!» на белым фоне. Навучалі, як заляцацца да дзяўчат па-беларуску. Кампанія зрабілася вядомаю – прынамсі, у праваахоўных органах. І мне давялося сысці вучыцца на «завочку».

Пасля была праца ў грамадскай арганізацыі ў Лодзі, дзе ён вывучыў польскую мову (праца палягала ў арганізацыі праектаў з Украінай, Беларуссю і Калінінградам), рэдактарам інтэрнэт-радыё «Твой стыль», карэспандэнтам «Еўрарадыё»… Алесь таксама браў актыўны ўдзел у кампаніі абароны старажытнай Горадні ад псеўдарэканструкцыі.

Ён згадвае, што жыццё бегла вельмі інтэнсіўна – не ставала часу на сяброў і бацькоў. І вось аднойчы, калі ён быў з бацькам «на пчолах», у адмысловай вопратцы, проста над вулеем яму затэлефанавалі і запрасілі на «Белсат».

– У нас заходні падыход. Ты мусіш быць універсалам, умець усё: і здымаць, і мантажаваць, і рэдактарам быць, і журналістам. І навіны вёў, і сюжэты здымаў у Менску. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працую ў Варшаве вядоўцам «Тыдня ў «Аб’ектыве» і «Гарачага каментара». Рэалізоўваюся ў абедзвюх праграмах, але найбольш важнаю лічу – і для сябе, і паводле апытанняў – «Гарачы каментар». Я выходжу ў эфір перад галоўным інфармацыйным выданнем, размаўляю з госцем пра самае важнае на сёння. Гэта досыць складаная рэч – пагутарыць на важную тэму з аўтарытэтным і цікавым чалавекам. Прычым студыя ў Варшаве, а эксперты, каментатары часцей за ўсё ў Беларусі, відэасувязь ладзіцца праз «Skype». Гэта адбіваецца на якасці карцінкі з Менску, якая бывае не на найлепшым узроўні. Але самае галоўнае, што ёсць аператыўная гутарка з экспертам або ньюзмэйкерам.

– Ці рабіліся спробы запрасіць у якасці госця прадстаўнікоў улады або не заангажаваных у апазіцыю асобаў?

– У межах «Тыдня ў «Аб’ектыве» вяліся перамовы з кіраўніцаю Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай і сакратаром ЦВК Мікалаем Лазавіком. Хоча прыехаць Сяргей Гайдукевіч – чакаем нагоды.

– Пытанне з тэлекухні. Зразумела, што праграмы зместава рыхтуюцца не адну гадзіну і не адным чалавекам. А колькі часу ў цябе займае рыхтаванне да эфіру, так бы мовіць, па форме?

– Мушу расчараваць. З цягам часу і ростам досведу рыхтавацца даводзіцца мінімальна: на ўзроўні мэйкапу і «Алесю, прыйдзі ў сябе!», «Алесю, дай чаду!». «Гарачы каментар» выходзіць а 19:40. Перад эфірам хвалююся. Я не зацыкліваюся на сваім выглядзе або супрацы са стылісткаю. Лічу, што самае важнае – не тое, як ты выглядаеш, а што гледачы чуюць, калі ты адкрываеш рот. Што да элементарных запаветаў, якімі дзялюся з маладымі калегамі: трэба выспацца і не піць, не хадзіць на імпрэзы за дзень да эфіру.

– Што датычыць тваіх суразмоўцаў. Досведу выступаў на тэлебачанні ў незалежных экспертаў і апазіцыйных палітыкаў не багата…

– Сапраўды. Дэмакратычныя палітыкі часта наракаюць на нізкую палітычную культуру электарату, але самі маглі б павучыцца ў сваіх калегаў з іншых краінаў. Але эфір – супольнае шоу. Тут важна, каб добра выглядаў і суразмоўца, таму вядоўца мусіць нешта тлумачыць, дапасоўвацца да палітыка. Зрэшты, шмат якія апазіцыйныя палітыкі могуць павучыцца таму, як трымацца перад камераю, у Анатоля Лябедзькі (кажу без палітычных прыхільнасцяў).

– Якія парады ты даеш суразмоўцам?

– Вельмі часта бачу нервовасць, асабліва калі за 15 хвілінаў да эфіру даведваюцца, што ўсё будзе жыўцом.

– 50 грамаў каньяку?

– Не. Але парада звязаная з алкаголем. Кажу, што размаўляем так, нібыта сядзім за півам у бары. Іншая рэч, што я не сябар, а журналіст. Гаварыце спакойна, што хочаце, я буду спыняць, калі што, перабіваць пытаннямі, пытаць пра тое, пра што суразмоўца хоча казаць найменш.

– Ці заўжды цікава размаўляць?

– Я экстраверт. Мне цікавыя ўсе людзі. З усімі люблю размаўляць – не істотна, хто ты, дзе працуеш. Але маю і прафесійную хваробу. Часам хочацца пабыць аднаму. Вось месяц таму паехаў у Мастоўскі раён, сядзеў там у хаце ў лесе чатыры дні з адключаным тэлефонам.

– Ці ёсць задумы новых праектаў?

– Ёсць ідэя публіцыстычнай аўтарскай праграмы і крэйзі-ідэя – «Падарожжа з Алесем Залеўскім» у Лацінскую Амерыку. Экстрэмальнае падарожжа са стартам, скажам, у Менску з тысячаю долараў у кішэні: як дабрацца найтаннейшым чынам, як выжыць…

– Дарэчы пра турызм: якое месца ў свеце найбольш цябе ўразіла?

– Рым! Гэты горад ад а да я насычаны рознымі эпохамі, ён проста шакаваў мяне з маім правінцыйным патрыятызмам. Ён прыціскае да асфальту, паказвае, што ты нікчэмны, адна з мільярдаў пясчынак, што прайшлі праз гэты горад цягам тысячагоддзяў.

– Паводле сацыялагічных даследаванняў, аўдыторыя «Белсату» павялічваецца. Ці адбіваецца гэта на табе, ці адчуваеш папулярнасць?

– Пачаў заўважаць яе сёлета. Раней, калі я быў на Дзень волі ў Менску, то ўдзельнікі акцыі, натуральна, пазнавалі мяне, пачуваўся зоркаю. А цяпер у Горадні роднай, калі там бываю, мінімум тры чалавекі на дзень пазнаюць мяне, паціскаюць руку. Гардэробшчыца ў рэстаране або кіраўнік аддзелу аднаго з банкаў… Прыемна чуць, калі людзі кажуць, што мы робім патрэбную справу. Зваротнай сувязі бракуе, у тым ліку крытычных заўвагаў. Хочацца  часцей бачыць вочы людзей, для якіх ты імкнешся прафесійна рабіць сваю працу.

Наступнае выданне «Тыдня ў «Аб’ектыве» з Алесем Залеўскім глядзіце 16 кастрычніка а 21:00. «Гарачы каментар» з панядзелка да пятніцы а 19:40. Праграмы можна праглядаць і на сайце тэлеканалу «Белсат».

Стужка навінаў