Выплаты на дагляд за дзіцём павялічацца ў 1,5 разу


З наступнага года грашовую дапамогу будуць падлічваць па-новаму: яна будзе залежаць ад сярэдняга заробку па краіне і колькасці дзяцей у сям’і.

Такія змены прадугледжвае Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2011–2015 гг. Вызначана, што пасля нараджэння першага дзіцяці бацькі атрымаюць 35 % ад сярэдняга заробку (на сёння сума складала б амаль 650 тыс. руб.), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей памер дапамогі вырасце да 40 % (на сёння – 742 тыс. руб.). Апрача гэтага, улады абяцаюць увесці льготнае крэдытаванне на лячэнне бясплоддзя ў сям’і ды на працэдуру экстракарпаральнага апладнення (ЭКА).

Цікава, што ў плане на 2012 г. прапісаныя захады для фінансавага падтрымання маладых і шматдзетных сем’яў, якія ўзялі крэдыт на будаўніцтва або рэканструкцыю жытла. Пры гэтым асноўны крэдытор – «Беларусбанк» – вынес рашэнне спыніць ільготнае крэдытаванне пад 5 % на дамы, якія будуць здавацца акурат у наступным годзе.

Але чыноўнікі не бачаць супярэчнасцяў. Прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, якая адказвае за пытанні гендэрнай і сямейная палітыкі, лічыць, што ў краіне створаныя ўсе ўмовы для паўнавартаснага мацярынства: «Дзяржава своечасова выплачвае грашовую дапамогу, шматдзетныя сем’і маюць ільготы пры будаўніцтве, ва ўстановах адукацыі ды аховы здароўя. Мы маем перспектывы, каб дэмаграфічная сітуацыя ў краіне палепшылася».

Міжтым, паводле афіцыйнай статыстыкі, большасць беларускіх сем’яў выхоўвае толькі адно дзіцё (65,7 %), 28,9 % – дваіх дзяцей і 5 % – траіх.

Старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных сямей Таццяна Краўчанка адзначае, што цяперашняй дапамогі, якая складае каля 450 тыс. руб., не дастаткова: «Выдзеленых грошай пры сённяшніх коштах не хапае нават на дзіцё. Што ўжо казаць пра маці, якая даглядае дзіця і зусім не мае заробку. Адкуль жа возьмецца жаданне нараджаць?»

Паводле ж даследавання парталу Mojazarplata.by, 55 % бацькоў выдаткоўваюць дзяржаўную дапамогу за першы ж тыдзень. Пераважна на прадукты і адзенне для дзіцяці.

belsat.eu

Стужка навінаў