Праваабаронцы: Законы накіраваныя на барацьбу з палітычнымі апанентамі


Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых і грамадскіх арганізацыяў правялі тэрміновую прэс-канферэнцыю з нагоды прыняцця Нацыянальным сходам зменаў у заканадаўства, якія істотна пашыраюць паўнамоцтвы КДБ і крыміналізуюць атрыманне замежнай дапамогі.

Дзяржава вырашыла легалізаваць тыя захады, што актыўна выкарыстоўвала супраць фігурантаў «снежаньскай справы» і ўдзельнікаў летніх грамадзянскіх акцыяў пратэсту, гавораць праваабаронцы.

Як паведаміла прадстаўніца Цэнтру прававой інфармацыі Вольга Смалянка, праект закону «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» прыняты ў першым і другім чытаннях Палатаю прадстаўнікоў і, калі верыць афіцыйнай інфармацыі, 3 кастрычніка ўхвалены Саветам Рэспублікі. Праект закону «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бяспекі РБ» у Палату прадстаўнікоў паступіў, аднак дэпутаты яго пакуль не абмяркоўвалі.

Законапраекты праваабаронцы называюць неканстытуцыйнымі, палітычна шкоднымі для краіны, а таксама звяртаюць увагу на тое, што яны супярэчаць міжнародным прававым нормам, якія абавязвалася выконваць Беларусь.

«Відавочна, што змены ў закон нададуць больш шырокія паўнамоцтвы спецслужбам не для таго, каб абараняць грамадзянаў ад тэрарызму. Закон скіраваны на барацьбу з апанентамі дзейснай улады. Дзяржава зрабіла высновы пасля акцыяў пратэсту і вырашыла легалізаваць тыя метады, што актыўна прымяняла супраць іх удзельнікаў», – гаворыць кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч указвае на тое, што фармулёўкі артыкулаў вельмі шырокія, што дае магчымасць іх адвольнай трактоўкі. Ён гаворыць, што прыняцце гэтых законапраектаў будзе мець негатыўныя наступствы, бо загоніць краіну ў самаізаляцыю. «Мы намераныя зрабіць усё, каб не дапусціць прыняцця гэтых паправак», – гаворыць праваабаронца.

Праваабаронцы паведамілі, што інфармацыя ўжо адпраўленая ў Раду Еўропы і АБСЕ, таксама яны збіраюцца звярнуцца ў ААН і праінфармаваць спецдакладчыка па Беларусі. Сёння ж лідары шэрагу арганізацыяў грамадзянскай супольнасці падпісалі заяву, у якой заклікалі прэзідэнта адмовіцца ад падпісання спрэчных законапраектаў, а Канстытуцыйны суд – перадухіліць парушэнне канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў