Юбілейнае павышэнне стаўкі рэфінансавання


З 14 кастрычніка яна павялічыцца з 30 да 35 % гадавых. Адпаведную пастанову прыняло праўленне Нацбанку.

«Гэтае рашэнне ёсць чарговым крокам у паслядоўнай рэалізацыі агульнаэканамічнай палітыкі Нацыянальнага банку і ўраду, накіраванай на макраэканамічную стабілізацыю, памяншэнне ціску на абменны курс беларускага рубля і зніжэнне ўзроўню інфляцыі», – адзначылі ў прэс-службе Нацбанку.

Выступаючы на сесіі Савету Рэспублікі 3 кастрычніка, кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова канстатавала: «У прынцыпе, яна [стаўка рэфінансавання] ужо сёння перастала адыгрываць сваю ролю, бо адсоткі па ўкладах насельніцтва ўжо нашмат вышэйшыя – дасягаюць 40–45 %. Крэдыты таксама ўжо дасягаюць 40 %. Таму калі і павышаць стаўку рэфінансавання, то яна не дасягне інфляцыі. Бо калі зрабіць яе 80 %, то мы можам практычна спыніць усю эканоміку. Гэта значыць, у пэўны перыяд стаўка рэфінансавання ўжо не спрацоўвае».

Інфляцыя ў Беларусі ў верасні склала 13,6 %, з пачатку года – 74,5 %.

Гэта ўжо дзясятае з пачатку года павышэнне стаўкі рэфінансавання. Раней яна вырастала 16 сакавіка (з 10,5 да 12 %), 20 красавіка (да 13 %), 18 траўня (да 14 %), 1 чэрвеня (да 16 %), 22 чэрвеня (да 18 %), 13 ліпеня (да 20 %), 17 жніўня (да 22 %), 1 верасня (да 27 %) і 14 верасня (да 30 %).

Цікава адзначыць, што асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 г. было прадугледжана зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10 % гадавых.

Стаўка рэфінансавання ёсць інструментам грашова-крэдытнага рэгулявання, з дапамогай якога Нацбанк уплывае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазітах юрыдычных і фізічных асобаў ды крэдытах, што выдаюцца ім крэдытнымі арганізацыямі.

belsat.eu

Стужка навінаў