«...Таксама ў іншых выпадках, вызначаных прэзідэнтам»


Беларускія спецслужбы атрымліваюць неабмежаваныя паўнамоцтвы, любыя пратэсты без дазволу забароненыя, а замежнае фінансаванне недзяржаўных арганізацыяў караецца цяпер паводле Крымінальнага кодэксу.

Працаўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі паводле закону “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” атрымліваюць права шырока выкарыстоўваць спецсродкі, у тым ліку кайданкі, гумовыя палкі, сродкі звязвання, адмысловыя хімічныя рэчывы, святлагукавыя прылады адцягвальнага дзеяння, а таксама службовых жывёлінаў для задушэння масавых беспарадкаў, пры затрыманнях, а таксама “ў іншых выпадках, вызначаных прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”.

Спецслужбоўцы атрымліваюць права “ўваходзіць бесперашкодна пры неабходнасцi з пашкоджаннем прыстасаванняў (якiя замыкаюцца) ды іншых прадметаў, у любы час у жылыя памяшканні”.

Артыкул 16-3 тлумачыць парадак ужывання агнястрэльнай зброі. Акрамя відавочна “крымінальных” сітуацыяў, зброя можа выкарыстоўвацца працаўнікамі органаў дзяржбяспекі “таксама ў іншых выпадках, што вызначае прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”.

Законапраект “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, што чакае падпісання прэзідэнта, ставіць пад жорсткі кантроль усе праявы грамадска-палітычнай актыўнасці.

Сярод іншага прадугледжана, што “дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў, накіраваная на спрыянне даванню замежнымі дзяржавамі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ільготаў і перавагаў у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю праз парушэнне заканадаўства, забараняецца”.

Вызначана таксама, што “рэспубліканскім і мясцовым грамадскім аб’яднанням, іх саюзам забараняецца захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы ды іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, якія месцяцца на тэрыторыі замежных дзяржаваў”.

Адна з унесеных зменаў абвяшчае: “Грашовыя сродкi ды iншая маёмасць, атрыманыя палітычнымі партыямі, саюзамі ды створанымі імі юрыдычнымі асобамі з крыніцаў, забароненых гэтым артыкулам, мусяць быць перададзеныя ў даход дзяржавы. Пры адмове ад добраахвотнага перадавання гэтыя сродкі ды маёмасць спаганяюцца ў даход дзяржавы праз суд паводле заявы дзяржаўных органаў, якiя ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль за мэтавым выкарыстаннем замежнай бязвыплатнай дапамогі”.

Унесены таксама шэраг змяненняў у Крымінальны кодэкс, у тым ліку ў арт. 356 “Здрада дзяржаве”, арт. 358 “Шпіянаж” і “Агентурная дзейнасць”.

Прадугледжаныя змены ў артыкулы Крымінальнага кодэксу за парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі з парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых акцыяў.

Тэкст дакументу апублікаваны на сайце Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі. Паведамляецца, што дакумент прыняты Палатаю прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі 3 кастрычніка 2011 г. Аднак, паводле агенцтва БелаПАН, у прэс-службе Савету Рэспублікі заяўляюць, што 3 кастрычніка “ніякіх законапраектаў наагул не разглядалі”. У прэс-службе падкрэслілі: у адзін дзень прыняць адзін і той жа законапраект дзвюма палатамі Нацыянальнага сходу “немагчыма тэхнічна”.

belsat.eu

Стужка навінаў