Леанід Злотнікаў: Нацбанку бракуе грошай для інтэрвенцыяў


Учорашняе падаражэнне долара на дадатковай гандлёвай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы ажно на 490 рублёў эканаміст Леанід Злотнікаў называе прадказальным. “Быў намацаны той рынкавы курс, паводле якога ён ураўнаважыўся, а цяпер пачаўся яго рост. Рост, якога можна было чакаць з прычыны інфляцыі, а таксама праз тое, што цяпер назіраецца ў большай ступені адток валюты з краіны, чым яе паступленне”, – зазначае эксперт.

12 кастрычніка Нацыянальны банк спрабаваў утрымаць курс беларускага рубля ды ажыццявіў інтэрвенцыю на валютнай біржы, выставіўшы на продаж каля 20 млн долараў. “Але гэтага мала, каб стрымаць рост курсу долара, таму ён вырас. Калі б Нацбанк зрабіў інтэрвенцыю яшчэ на 30 млн, то, улічваючы попыт на 50 млн і малую прапанову, попыт і прапанову ўдалося б ураўнаважыць і курс застаўся б на тым самым узроўні”, – падкрэсліў Леанід Злотнікаў.

Ці будзе курс долара расці і далей? Эксперты гэтага не выключаюць. Пры гэтым, паводле Леаніда Злотнікава, Нацыянальны банк у такой сітуацыі можа аказацца бездапаможны. “Я не думаю, што Нацбанк мае грошы, каб ажыццяўляць інтэрвенцыі ў такім аб’ёме, каб стрымаць рост курсу долара”, – заявіў Леанід Злотнікаў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

“Застаецца адзіны нармальны варыянт развіцця падзеяў, да якога падштурхоўваюць Лукашэнку і з Усходу, і з Захаду, – адзіны валютны курс. Гэта значыць, што не будзе таго курсу, які “афіцыйны”, або таго, што “на другой сесіі”. Будзе адзіны курс, – гаворыць Леанід Злотнікаў. – Не будзе 5 600 або 5 700. Але не будзе і 8 500. Калі цяпер перайсці да адзінага курсу, можна нават чакаць пэўнага зніжэння сённяшняга курсу долара”.

belsat.eu

Стужка навінаў