Беларусь будзе рамантаваць нігерыйскія верталёты?


Гэта вынікае са звестак нігерыйскага выдання “Daily Trust”. На мінулым тыдні ў Абуджы адбылася сустрэча гендырэктара дзяржаўнага вонкавагандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Белспецвнештехника” генерал-маёра Сяргея Барысёнка з сталым сакратаром Мінабароны Нігерыі Лінусам Авутэ.

Барысёнак заявіў, што будзе раіць ураду сваёй краіны стварыць у Нігерыі прамысловасць для рамонту баявых верталётаў і цэнтр мадэрнізацыі вайсковай тэхнікі, піша выданне. Ён таксама адзначыў, што ў 2012 годзе адкрыецца пасольства Беларусі ў Абуджы. Паводле інфармацыі “Daily Trust”, беларускае прадпрыемства ажыццявіла ў Нігерыі кантракты на 20 млн долараў.

Пацвердзіць факт візіту Барысёнка ў Нігерыю ў “Белспецвнештехнике” не ўдалося.

“Белспецвнештехника” ажыццяўляе сваю дзейнасць на міжнародным рынку ў якасці спецыялізаванага дзяржаўнага экспарцёра тавараў, работаў і паслуг ваеннага прызначэння і падвойнага ўжывання з 1995 года. Уваходзіць у склад Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. Барысёнка прызначылі кіраўніком прадпрыемства са згоды Аляксандра Лукашэнкі 4 лютага 2011 года.

Нігерыя – дзяржава ў Заходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Гвінейскай затокі, паміж Бенінам і Камерунам. Самая вялікая афрыканская краіна паводле колькасці насельніцтва. 1 кастрычніка Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні ўзаемавыгаднай супрацы з Нігерыяй ва ўсіх сферах, павіншаваўшы яе народ і прэзідэнта Гудлака Джонатана з Днём незалежнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў