Залескі: ЖКГ – монстр, якога ўвесь час трэба падкормліваць


Менскія энергетыкі выступілі з ініцыятываю спаганяць плату за ацяпленне цягам усяго года. На іхнае меркаванне, гэта пазбавіць гараджанаў ад шоку, які тыя кожны раз атрымліваюць ад сумаў у квітанцыях з пачаткам ацяпляльнага сезону.

“Гэта дастаткова прагрэсіўны метад, бо аплата раскладаецца на ўвесь год, насельніцтва можа праверыць, гэта ўсё празрыста. Досвед нашых суседзяў паказвае, што трэба ўкараняць менавіта гэты метад”, – патлумачыў ініцыятыву начальнік аддзелу энергетыкі Менгарвыканкаму Анатоль Лаўнічук. Паводле чыноўніка, гэткаю схемаю карыстаюцца Польшча і Расея, цяпер і беларускія профільныя міністэрствы працуюць над тым, каб увесці яе ў краіне.

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што ініцыятыва выкліканая адсутнасцю ў дзяржавы грошай, каб плаціць за газ. Эксперт упэўнены, што ў сапраўдным рэфармаванні ЖКГ зацікаўленасці няма: “Такая цэнтралізаваная дзяржава, як наша, лейцы свае нікому добраахвотна не аддасць. Яна трымаецца за ўсё, каб мець магчымасць маніпуляваць. У вёсцы – гэта сельгаспрадпрыемствы, а ў горадзе – ЖКГ”.

Са словаў эканаміста, бессэнсоўна шукаць хоць нейкую сістэму ў фармаванні тарыфаў ЖКГ на паслугі насельніцтву: “Хутчэй за ўсё, яны самі не ведаюць, як абгрунтоўваць гэтыя лічбы. Усё робіцца па накатанай, каб забяспечыць мінімальнае функцыянаванне, зыходзячы з дзейных умоваў”. Жыллёва-камунальную гаспадарку краіны Міхал Залескі называе “штучным монстрам Франкенштэйнам”, якога ўвесь час трэба падкормліваць. Паводле яго, запазычанасць ЖКГ перад дзяржаваю складае 5 мільярдаў долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў