У Вільні адновяць друкарню Скарыны


Такое рашэнне прыняў Дэпартамент развіцця гораду.

Беларускія краязнаўцы звярнуліся да ўладаў літоўскай сталіцы з просьбай усталяваць помнік Францішку Скарыну ў Вільні. «На мінулым тыдні мы атрымалі адказ ад Віленскага гарадскога самакіравання, – кажа аўтар ліста Валянцін Стэх. – Чыноўнікі пішуць, што помнік Францішку Скарыну («Летапісец») быў пастаўлены ў двары дому № 4 па вуліцы Шкляроў (Stiklių g.) яшчэ ў 1973 годзе. Таму яны прапаноўваюць сродкі, якія можна было б выдзеліць на ўзвядзенне помніка, накіраваць на прывядзенне ў парадак памяшканняў былой друкарні (Didžioji g., 19), дзе працаваў Францішак Скарына, а таксама стварыць тут музейную экспазіцыю».

Цяпер на доме № 19 вісіць мемарыяльная табліца ў гонар першадрукара на беларускай і літоўскай мовах.

Разам з тым, міністр культуры Павал Латушка паабяцаў, што будзе спрыяць узвядзенню ва ўсіх сталіцах краінаў-суседак помнікаў, звязаных з майстрамі нашай літаратуры, дзеячамі культуры і гісторыі. Сёлета ў Кіеве паставілі помнік Уладзіміру Караткевічу. Дарэчы, у Менску помніка славутаму пісьменніку няма, а вуліца Караткевіча, што ёсць у беларускай сталіцы, названая ў гонар іншага Караткевіча – ваеннага дзеяча часоў Другой сусветнай вайны. У прэсавай службе Міністэрства культуры паведамілі: «Мы вядзем перамовы праз нашую амбасаду ў Вільні, каб у літоўскай сталіцы з’явіўся помнік Францыску Скарыну. Як і ў выпадку з перадачай помніка ва Украіну фінансавыя абавязкі возьме на сябе беларускі бок».

belsat.eu

Стужка навінаў