Два фільмы «Белсату» на фестывалі «Tranzyt» у Польшчы


Дакументальныя фільмы «Забойства напярэдадні вясны» Вольгі Нікалайчык і «Днюка» Андрэя Куцілы ды Аляксандра Нілівайкі, знятыя ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», адабралі да ўдзелу ў конкурсе Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў «Tranzyt», які пачаўся 9 кастрычніка ў польскім горадзе Познань. Кінафорум, які арганізоўвае фундацыя «Tranzyt», праходзіць ужо чацвёрты раз.

Абодва беларускія фільмы ўдзельнічаюць ў конкурснай частцы фестывалі «Tranzyt» у катэгорыі «Людзі, памяць». Конкурсны паказ фільмаў «Забойства напярэдадні вясны» і «Днюка» пачнецца 12 кастрычніка а 18:00 у пазнанскім кінатэатры «Kino Orbis Pictus».

Пра фільмы

«Забойства напярэдадні вясны» распавядае пра Яну Палякову. 33-гадовая актывістка абароны правоў чалавека скончыла жыццё самагубствам у шахцёрскім Салігорску. Яе пераследаваў мясцовы аддзел КДБ, на яе аказвалі псіхалагічны ціск, падстройвалі розныя правакацыі ды нават катавалі і збівалі. Але суд яе саму прызнаў вінаватаю ў парушэнні закону і вынес вырак «за паклёп на афіцэра міліцыі», які жорстка яе збіў. Жанчына мусіла заплаціць яму велізарную грашовую кампенсацыю. Яна Палякова не магла больш трываць такой несправядлівасці ды цынізму і пайшла з жыцця.

Дакументальны фільм «Днюка» распавядае пра звычайную палескую вёску. У малой хаце, аздобленай даматканымі ручнікамі, сядзяць побач бабуля з дзядком:Антаніна Астапава і дзед Віктар. Ён п’е і пытае, навошта чалавек жыве на свеце. Узімку сумна, але калі прыходзіць вясна, прырода адраджаецца, а разам з ёю – людзі ды жывёла. Жыццё працягваецца, але бабуля цяжка ўздыхае. Гэта вельмі маляўнічы і натуралістычны вобраз мікракосмасу людзей старога веку. Часам смешны, часам – журботны.

Размова з Вольгаю Нікалайчык, рэжысёрам стужкі «Забойства напярэдадні вясны»

Чаму, на вашую думку, палякам можа быць цікавы ваш фільм?

Бо ён пра змаганне асобы з сістэмаю – гэта вельмі блізка палякам з часоў «Салідарнасці». Змаганне да апошняга за чалавечую годнасць, за праўду, за волю асобы, а праз асобу і за волю грамадства, краіны. Антычалавечая дзяржаўная сістэма, якую пабудаваў Лукашэнка, вельмі падобная да той мадэлі, супраць якой паўстала польскае грамадства у часы «Салідарнасці», як і Чэхія, Вугоршчына. Таму, калі б Яна Палякова нарадзілася раней і ў Польшчы, яна абавязкова была б на баку «Салідарнасці» да апошняга.

Вядома, што Яна Палякова скончыла жыццё самагубствам. Чаму ваш фільм называецца «Забойства напярэдадні вясны»?

Яна хацела жыць, вельмі хацела – у фільме ёсць гэты момант. Але хацела жыць у краіне, дзе працуюць законы і шануюць чалавека, ягоную годнасць. У Яны былі ідэалы, яна была рамантыкам і вельмі верыла людзям. І калі яе пачалі жорстка пераследаваць за ідэі, за погляды, за актыўную апазіцыйную дзейнасць супраць дыктатуры, калі яе пачалі знішчаць псіхалагічна і нават моцна збіваць, а пасля цынічна абвінавачваць, што збіла пяць міліцыянтаў яна сама, і даводзіць справу супраць яе да зняволення, то проста гэтага цынізму не вытрымала ейная душа, ейны светапогляд не справіўся з такою няпраўдаю. Таму я лічу, што праваабаронцу Яну Палякову метадычна давялі да самагубства, чытай – забілі…

Вы сказалі, калі б Яна нарадзілася ў Польшчы, то стала б на бок «Салідарнасці». У польскай антыкамуністычнай апазицыі ёсць свой герой, Збігнеў Гадлеўскі – рабочы, якога вайскоўцы застрэлілі падчас пратэстаў у Гдыні. Нядаўна пра тыя падзеі і смерць Гадлеўскага знялі мастацкі фільм «Чорны чацвер».

Добра, што палякі здымаюць пра сваіх герояў фільмы, што грамадства і дзяржава фінансуюць такія фільмы, нават мастацкія, хоць мастацкае кіно – гэта вялікія грошы. Але мы таксама разам з «Белсатам» робім сваю справу – бо гэта адзіная наша, кіношнікаў, зброя. Робім фільмы пра нашых змагароў, пакуль дзяржава іх забівае… Прыйдзе час, зробім мастацкае кіно і пра Яну, і пра Каліноўскага, і пра зніклых.

Што трэба рабіць, каб трагедыя Яны Паляковай не паўтарылася?

Каб трагедыя не паўтарылася, трэба змагацца з гэтаю халуйскаю ўладаю. Змагацца, як гэта рабіла Яна Палякова, як робяць Саннікаў, Статкевіч, Дашкевіч, Палажанка, Халіп, Радзіна, Вус, як робяць сёння нашыя суайчыннікі.

Абодва фільмы – «Забойства напярэдадні вясны» і «Днюка» можна паглядзець он-лайн на сайце «Белсату».

Афіцыйны сайт фестывалю

Анонс «Днюкі»

Анонс «Забойства напярэдадні вясны»

Стужка навінаў