Сяргей Мальчык у «Гарачым каментары»


Амаль удвая неўзабаве падаражэюць імпартныя лекі. Гэта вынікае з апошняга рашэння Нацыянальнага банку.

Нацыянальны банк закрыў асноўную сесію для куплі валюты на лекі. Цяпер кошт імпартаваных фармацэўтычных прэпаратаў, а таксама лекаў, якія робяцца ў Беларусі на аснове імпарту, будзе арыентавацца на курс дадатковай сесіі, а гэта ў межах 8000 руб. за долар.

Паводле кандыдата медычных навук Сяргея Мальчыка, лекі даражэюць увесь час. Увесь час ствараюцца новыя сродкі і прэпараты, якія прыходзіцца набываць па новых коштах.

«Лекі падаражэлі ў адпаведнасці з коштам долара, але дагэтуль нашыя фармацэўтычныя фірмы атрымоўвалі лекі, зыходзячы з афіцыйнага курсу валюты. У выпадку ж, калі афіцыйны курс будзе набліжацца да камерцыйнага, лекі абавязкова будуць даражэць», – упэўнены Сяргей Мальчык.

Кошты вырастуць не толькі на замежную прадукцыю. Большасць айчынных лекаў робіцца з замежнай сыравіны, якую таксама трэба купляць за валюту.

Падаражанне адаб’ецца і на шпіталях ды паліклініках, якія не былі падрыхтаваныя да чарговага падвышэння коштаў на медыкаменты.

«Гэтая сітуацыя павінна была ўзнікнуць ужо даўно. Урад павінен быў вызначыцца, што рабіць з праблемаю кошту лекаў. Што рабіць – закупляць дарагое абсталяванне і даваць яго для 2–3 клінікаў у Менску? За кошт такога абсталявання можна закупіць сродкі для дзясяткаў тысяч людзей, хворых на пухліны, на гіпертанічныя хваробы, лекі для пенсіянераў, для якіх падвышэнне коштаў будзе найбольш балючае», – кажа Сяргей Мальчык.

belsat.eu

Стужка навінаў