Дзеці змогуць скардзіцца на бацькоў у міліцыю


З 1 снежня пачне дзеяць адмысловая наўпроставая лінія МУС.

З яе дапамогаю Міністэрства ўнутраных справаў будзе прымаць паведамленні пра сямейныя праблемы і гвалт у адносінах да дзяцей. Як паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі ГУУС Аляксандр Ластоўскі, у любы час распавесці пра трывожныя выпадкі змогуць суседзі, сваякі, знаёмыя ці само дзіця.

«Спецыялісты не толькі ўважліва выслухаюць кожнага, хто патэлефануе, але і абавязкова аператыўна зрэагуюць, акажуць патрэбную дапамогу і падтрыманне», – дадаў Ластоўскі.

Наўпроставая лінія пачне працаваць у межах праграмы пераходу на ювенальную юстыцыю, скіраваную на сацыяльную абарону сям’і ды правоў дзіцяці. Яе рэалізуюць у межах Еўрапейскай сацыяльнай хартыі. Праграма пачала працу ў Расеі ды Украіне, і вынікі яе неадназначныя.

Юрыст Ілля Латышоў у інтэрв’ю «Белсату» тлумачыць: «Ювенальную юстыцыю на постсавецкай прасторы не заўсёды разумеюць правільна. Ва Украіне частымі сталі судовыя прэцэдэнты, калі дзіця беспадстаўна падае ў суд на сваіх бацькоў».

У Расеі ж, паводле эксперта, вядомыя выпадкі з пазбаўленнем бацькоўскіх правоў у шматдзетных сем’ях пасля заяваў пра «антысанітарныя ўмовы»: «Атрымліваецца, шматдзетным бацькам не дапамагаюць у фінансавым і маральным плане, і дзяржава выступае выключна як карны орган», – кажа Ілля Латышоў.

belsat.eu

Стужка навінаў