Столькі смяротных прысудаў, паводле праваабарончай арганізацыі «Amnesty International», прывялі ў выкананне ў Беларусі з 1991 г. Але рэальная лічба не вядомая з-за сакрэтнасці такой інфармацыі.
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда ўпэўнены, што калі б сёння прайшоў рэферэндум, то за смяротнае пакаранне выказалася б значна меней людзей.
У Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання праваабаронцы і валанцёры нагадалі менчукам, што Беларусь застаецца адзінаю краінай у Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца найвышэйшы від пакарання. Як гаворыць Андрэй Палуда, гэткія акцыі яны праводзяць не ўпершыню, таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што настрой у грамадстве мяняецца. «Людзі ахвотна бралі буклеты, адчувалася, што сітуацыя іх сапраўды непакоіць, шмат хто ўступаў з валанцёрамі ў размову», – расказвае праваабаронца.
Паводле яго, увага да гэтай тэмы ў грамадстве цяпер павышаная яшчэ і таму, што ў Менску ідзе суд над падазраванымі ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро. «Мы тлумачылі людзям, што ацэнку дзеянням падазраваных у злачынствах мае даваць толькі суд – справядлівы, законны і гуманны. Але пра які гуманізм можа ісці гаворка, калі дзяржава забівае чалавека, як той злачынца. Да таго ж застаецца магчымасць судовай памылкі. Шмат хто ў звязку з гэтым узгадваў справу віцебскага маньяка, паводле якой асудзілі на смерць невінаватых людзей», – распавёў Андрэй Палуда.
Актывіст упэўнены, што заявы дзяржаўных асобаў наконт таго, што за смяротнае пакаранне выступае большасць беларусаў, не адпавядае рэчаіснасці: «Калі б сёння правесці рэферэндум па гэтым пытанні, то лічбы былі б зусім іншыя». Ён таксама нагадвае: Канстытуцыйны суд пацвердзіў, што для ўвядзення ў Беларусі мараторыю на найвышэйшую меру пакарання дастаткова палітычнай волі ўладаў, то бок адпаведнага рашэння парламенту або прэзідэнта. «Летась гэтае пытанне абмяркоўвалася вельмі актыўна, і ў праваабаронцаў была надзея, што сітуацыя зменіцца да лепшага, аднак цяпер зноўку ўсё спусцілі на тармазах», – адзначае Андрэй Палуда.
Міжнародныя праваабаронцы ўказваюць таксама на тое, што жорсткасць кары не абмяжоўваецца самым момантам выканання пакарання: сем’ям забітых не паведамляюць пра час выканання прысуду, не раскрываюць месца пахавання іхных блізкіх. Сёння «Amnesty International» чарговы раз звярнулася да ўладаў Беларусі з патрабаваннем адмяніць у краіне смяротнае пакаранне.
belsat.eu